Пошук

19.07.2018 19:07   Дк. Артур Ляшнеўскі SDB / Мікола Гракаў / Catholic.by

На гэтым тыдні, які праходзіць пад знакам Маці Божай з Гары Кармэль, мы працягваем публікацыю гісторыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і кляштара кармэлітаў, дзе захоўвалася гэтая святыня.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Пераслед каталіцтва і ліквідацыя кляштара

Часы росквіту бялыніцкага санктуарыя змяніліся заняпадам пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі мястэчка апынулася пад уладай Расійскай імперыі. Палітыка царызму была непрыхільнай да ўсіх неправаслаўных веравызнанняў. На захопленых землях царскія ўлады праводзілі гвалтоўную русіфікацыю і насаджалі праваслаўе, моцна ўціскаючы правы католікаў. Касцёлы пры гэтым без усялякага сораму ператваралі ў цэрквы. Барочныя будынкі пачалі нявечыць безгустоўнымі перабудовамі ў псеўдарускім стылі, «лепячы» на іх нябачаныя раней на Беларусі «какошнікі» і «цыбуліны». Не мінула такая палітычна абумоўленая перабудова і бялыніцкі кляштар.

Указам цара Мікалая І была фактычна спынена дзейнасць каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Расійскай імперыі, якая пад уладаю жорсткага і распуснага манарха ператварылася ў «турму народаў».

Ліквідацыя сядзібы бялыніцкіх кармэлітаў адбылася ў 1832 г. моцай дэкрэту сумнавядомага Міхаіла Мураўёва — «вешальніка», які тады займаў пасаду губернатара Магілёва. Гэты крывавы кат, душыцель вызваленчага паўстання нашага народа супраць расейскіх захопнікаў, быў апантаным русіфікатарам захопленых беларускіх земляў былой Рэчы Паспалітай. Ён прымусам навязваў мясцоваму каталіцкаму насельніцтву праваслаўе. Менавіта яму належыць стварэнне новага, перайначанага на руска-праваслаўны ідэалагічны лад культу Бялыніцкай іконы, што суправаджалася падбухторваннем мясцовых жыхароў да ператварэння касцёла з цудатворным абразом у царкву.

Касцёл ператвораны ў царкву

Пасля ліквідацыі кляштара касцёл у Бялынічах пэўны час дзейнічаў як парафіяльны. Пасля смерці ў 1876 г. апошняга пробашча бялыніцкай парафіі кс. Люцыяна Гадлеўскага касцёл быў канфіскаваны царскімі ўладамі і перададзены ў праваслаўнае ведамства.

Канфіскацыя адбылася вельмі хутка. У ноч з 11 на 12 красавіка прадстаўнікі царскай улады занялі касцёл, тлумачачы сваё ўварванне ў святыню пошукам схаванай там зброі паўстанцаў.

Раніцай, калі вернікі прыйшлі на Імшу, то ўбачылі, як праваслаўны святар правіць у касцёле Літургію.

Католікі працяглы час спрабавалі супраціўляцца гэтаму захопу, з-за чаго сітуацыя ў Бялынічах доўга заставалася напружанай. Губернатар нават пісьмова звярнуўся да Магілёўскага арцыбіскупа, каб той супакоіў сваіх вернікаў. Праз год у былы кляштар кармэлітаў у Бялынічах з Мсціслаўя быў пераведзены Мікалаеўскі мужчынскі манастыр.

Касцёл у Бялынічах, ператвораны ў царкву. Фота пачатку ХХ ст.

Рэлігійны ўціск працягваўся да пачатку ХХ стагоддзя, і толькі пасля з’яўлення ў 1905 г. царскага ўказу «Аб умацаванні прынцыпаў верацярпімасці» настала адносная рэлігійная свабода. Шляхта і просты люд, прымусова пераведзеныя з каталіцтва ў праваслаўе, нарэшце зноў маглі без перашкодаў вызнаваць сваю веру. Тым не менш, канфіскаваныя касцёлы ім вяртаць ніхто не збіраўся, затое з’явілася магчымасць будаваць новыя. Такім чынам замест забранай бялыніцкай святыні мясцовыя католікі пабудавалі новы касцёл св. Людвіка ў Свяцілавічах. Рэлігійнае жыццё зноў пачало развівацца. Аднак на змену царскаму пераследу прыйшоў савецкі атэістычны пераслед, яшчэ больш жорсткі і знішчальны.

Знішчэнне святыні

Савецкія ўлады зачынілі касцёл у Свяцілавічах і бялыніцкі манастыр. Велічную барочную святыню змагары з рэлігіяй ператварылі ў клуб для танцаў і агульных сходаў. Аднак у сувязі з тым, што даглядаць і абслугоўваць такі вялікі будынак было нязручна, улады перанеслі клуб у іншае месца, а з касцёла зрабілі склад. Святыню пазбавілі вежаў і купала, каб ужо больш нішто не нагадвала культавага будынку.

Знявечаная атэістамі святыня ў Бялынічах © radzima.org

У такім знявечаным выглядзе касцёл «перажыў» Другую сусветную вайну, хоць навокал ішлі баі і бамбёжкі. Але ў мірныя 1960-я гады комплекс кляштара кармэлітаў быў узарваны. Так перастала існаваць адна з найпрыгажэйшых і найбольш шанаваных на нашых землях святыняў Маці Божай.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 28.08.2020 16:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця