15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, мы працягваем публікацыю матэрыялаў, прысвечаных драматычнай гісторыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай.
Працяг. Пачатак ТУТ>>>
У жніўні 1859 годзе падчас вялікага пажару амаль усе гарадскія пабудовы і касцёл у Бялынічах згарэлі. Гэтай сумнай падзеі прысвяціла свой верш тагачасная беларуская польскамоўная паэтка Габрыэля Пузыня, кніга вершаў якой у перакладзе на беларускую мову, зробленым Ірынай Багдановіч, нядаўна ўбачыла свет ў выдавецтве «Pro Christo».
Верш дапамагае адчуць атмасферу трывогі, выкліканай ва ўспрымальнай душы паэткі прадчуваннем цяжкіх выпрабаванняў, якія чакалі Каталіцкі Касцёл на Беларусі і бялыніцкі санктуарый пад уладай Расійскай імперыі. Разам з тым у паэтычным творы Габрыэлі Пузыні гучыць непахісная ўпэўненасць у тым, што Нябесная Матуля не пакіне сваіх дзяцей у цяжкую хвіліну.
Габрыэля Пузыня
Касцёл у Бялынічах
(Верш, напісаны з прычыны пажару ў гэтым касцёле ў жніўні 1859 года).
І.
Што ж там бялее на фоне нябёсаў,
Што ззяе ў золаце сонечных косаў?
Куды вядзе той гасцінец-дарога?
— То да святыні, услаўленай цудам,
Ўзнесенай некалі з вераю людам
На чэсць Марыі — на хвалу Бога!
— Краю крыніца адна з найчысцейшых,
Брама да раю адна з найбліжэйшых,
Ласкаў скарбніца,
Долі слязніца,
Крыло, «пад якое ўцякаем», таксама
Сястра Жыровіцаў, Вострае Брамы,
Яснай Гары, што над імі святліцца, —
То адзін з тронаў, працаю люду
Ўзнесены Пані Нябёс, — на зямліцы,
Дзе бачна веліч Божага цуду,
І не адужаць гэтай хвалы нічым —
Гэта Марыі трон, гэта — Бялынічы!
ІІ.
Што ж там крывавіць на фоне нябёсаў?
Што значыць роспач тысячы лёсаў?
Той звон трывогі, звон небяспекі
І плач той моцны, і крыкі-енкі?
Што значаць іскраў узлёты-ўзвівы
І дым, што засціць усё, жахлівы?
На небе ж, ясным яшчэ і чыстым,
Гмах выглядае малюнкам агністым:
Цуды, што творыць абраз там, не вылічыць…
Што ж там гарыць? Гэта — Бялынічы!
Чаму ж? Ах, чаму там натоўп пабожны
Слязьмі пажару згасіць не можа?!
І раптам крык, быццам кліч анёла,
«Абраз ратуйце!» — І дзверы касцёла
Юнак далонню скрушыў! Ўміг у сховы
Натоўп імкнецца…, на смерць гатовы!
Бо так яму дарагі спрадвеку
Абраз цудоўны, яго апека!
Святая Марыя! У тыя хвіліны
Ты бачыла з неба адданасць люду,
І толькі Табе, Табе мы павінны
За ласку новага цуду!
Нібы з абраза Ты сышла, жывая
Між намі стала, Маці Святая,
І люд Твой верны, між енку, плачу,
Цябе не ў небе, а побач бачыць!
— «Яна! Між намі! — крычаць натхнёна. —
Яе то ўсмешка! Яе карона!» —
Ўгару ўзнялася… Люд бласлаўляе,
Знікае… Ў сэрцы ж спакой вяртае!
Агонь праз вокны ў касцёл уварваўся,
Ільвом драпежным на ўсё кідаўся,
Сваю здабычу дарэшты вынішчыў…
Што ж — папялішчам? Гэта — Бялынічы!
ІІІ.
Што ж зноў святлее на фоне нябёсаў?
Зноў ззяе ў промнях сонечных косаў?
— То вежаў знаёмых новыя вярхоўкі —
Новы вулей для Маці зляпілі пчолкі!
Хто ўзнёс касцёл той? Дзіўнае пытанне!
Паўстаў касцёл той з Тваёй волі, Пане!
Вышэй за ўсе тыя вежы і дахі,
Ясней за ўсе залацістыя бляхі
Стаіць святыня — велічы не змераць!
Яе вартуюць любоў і вера!
Святыня ззяе ў каштоўных шатах,
Ды для зямнога не бачная вока,
Бо ў сэрцы нашым яе пачатак,
І так, як Неба, яна высока!
Як жа назваць той касцёл багаты,
Што сцеражэ нашы сем’і, хаты?
На якім шчасце людзей збудавана,
Смерць пры якім з весялосцю з’яднана?
— Верай — надзеяй — брамай трывання!
Святым запаветам яднання!
Братняй любоўю, ахвярай служэння,
Чыстасцю сэрцаў, жаданняў, сумлення! —
Ў такім касцёле хто Бога хваліць,
Як нават бачны касцёл хто спаліць,
Адновіць хутка дах, сцены, дзверы,
Бо ў сэрцы ззяе праменне веры!
Агонь ачысціў пабожных цноту,
Збудзіў здранцвенне, надаў ахвоту
Святыню з друзу ўзняць шпарка, годна
Каб дыхаў дух тут святы свабодна!
Ізноў спачыць пілігрыма кліча
Святыня з Маці Святой абліччам.
І не адужаць гэтай хвалы нічым —
Той касцёл новы — гэта Бялынічы!
IV.
Зараз і вас я спытаю, о брацці:
Ці ратаваць Найсвяцейшую Маці
Беглі ў Бялынічы вы ў час пажару,
Каб і сваю там пакінуць ахвяру?
Ці мы злажылі свой дар, хоць маленькі,
Там, дзе пажар нішчыў сцены і енкі?
Наша рука хоць каменьчык прынесла,
Каб найхутчэй там святыня ўваскрэсла?
О, нават грош адзін, шчыра адданы,
Хоць адно «Веру…» ці «Будзь прывітана…»,
Але ўсе разам ў Імя Тваё, Пане, —
І касцёл Божы з руіны паўстане!
Думку маю, як аплатку, раздайце
З верай, браты! Ў ёй — ратунак!
І хоць з найменшай падмогай спяшайце —
Быў бы з любоўю дарунак!
Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.