Працягваючы публікацыю, прысвечаную цудатворнай іконе Маці Божай Бялыніцкай і санктуарыя, які калісьці называлі «Беларускай Чэнстаховай», мы сёння раскажам пра ватыўны дар Льва Сапегі і пра цудоўную гісторыю анёла-мастака.
Працяг. Пачатак ТУТ>>>
Вакол цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай узнікла шмат паданняў і легенд, гістарычнасць якіх немагчыма пацвердзіць. Аднак сам факт іх з’яўлення сведчыць пра вялікую папулярнасць святыні. Гэта — нібы ўзмоцненае рэха тых шматлікіх цудаў Божай ласкі, якія адбываліся праз заступніцтва Багародзіцы ў гэтым калісьці славутым, а сёння напаўзабытым санктуарыі.
Ватыўны дар канцлера ВКЛ
У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню ўзгадваецца з XVI ст. Паводле даследчыка гісторыі Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага В. Насевіча, князь Стэфан Збараскі заснаваў тут замак — Белагародак, пры якім з’явілася таксама мястэчка. Пасля смерці князя ў 1591 г. засталася ўдавою яго маладая жонка Дарота з роду Фірлеяў з маленькай дачушкай Барбарай на руках. Неўзабаве маладая прыгожая жанчына ў другі раз выйшла замуж. Яе абраннікам стаў Леў Сапега, канцлер вялікага Княства Літоўскага і ваявода віленскі. Пад уладаю Сапегаў у Бялынічы прыйшоў росквіт і эканамічнае ўздым.
Леў Сапега становіцца фундатарам новага касцёла і кляштара ў Бялынічах, які ахвяруе Богу ў якасці ватыўнага дару за перамогу ў бітве пад Масквой.
Паводле фундатарскага эдыкта, новаму касцёлу надаецца тытул Марыі і св. Льва — апекуна ахвярадаўцы. Фундацыю канцлера зацвердзіў кароль Жыгімонт ІІІ у 1624 г. У Бялынічах будуецца драўляны касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі і кляштар на некалькі манахаў: для служэння ў Бялынічах фундатар запрасіў айцоў-кармэлітаў т. зв. «старой абсерванцыі».
Апецы манахаў з гары Кармэль даручаецца таксама каштоўная святыня — цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, культ якога няспынна пашыраецца. Сюды з розных бакоў прыходзяць пілігрымы, усё больш вернікаў моляцца перад святыняй, адбываюцца шматлікія аздараўленні. Духоўная слава Бялынічаў распаўсюджваецца на ўвесь усход Вялікай Літвы.
4 кастрычніка 1634 г. згодна з прывілеем караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.
Анёл-мастак
З кармэлітамі звязаны яшчэ адзін аповед пра гісторыю Бялыніцкай іконы. Паводле яго, першапачатковы абраз загінуў падчас пажару ў ранейшай грэка-каталіцкай царкве. У 1634 г. кармэліты вырашылі ўзнавіць культ абраза і пачалі шукаць мастака, які б па апісаннях адрадзіў выяву Багародзіцы. Доўгі час нічога не атрымлівалася, і тады манахі звярнуліся да апошняга і найбольш надзейнага сродку: у малітве цалкам даручылі гэтую справу Богу.
Як адказ на малітву братоў у кляштар завітаў малады пілігрым, які назваўся мастаком. На просьбу намаляваць абраз Багародзіцы юнак згадзіўся, просячы манахаў падчас яго працы спяваць літанію да Маці Божай. І вось на звычайнай дошцы з’явіліся абліччы Маці Божай і Дзіцятка Хрыста невымоўнай прыгажосці, але адзенне Марыі засталося як быццам недамаляваным. На пытанні братоў таямнічы мастак даў прадказанне, што неўзабаве Багародзіца сама ўпрыгожыць сваю выяву каштоўнай шатай. Прароцтва збылося, калі ў 1635 г. Крыштаф Завіша, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, падараваў для абраза каштоўную шату і срэбраныя кароны, а Казімір Леў Сапега аздобіў ікону каштоўнымі камянямі і залатымі ўпрыгожаннямі.
Усе пераканаліся, што ў выглядзе маладога пілігрыма-мастака новы абраз стварыў Божы пасланец — анёл.
Бялыніцкая Адзігітрыя, апранутая ў рэнэсансныя шаты, мае ў руцэ скіпетр — знак каралеўскай улады. Дзіцятка Езус сядзіць на руцэ Маці і правай далонню благаслаўляе тых, хто прыходзіць прасіць апекі ў Яе. Левая рука Езуса трымае дзяржаву, якая сімвалізуе зямны шар, падданы ўладзе Збаўцы. Падзел шара на тры часткі азначае тагачасныя ўяўленні пра часткі свету: Еўропу, Азію і Афрыку. Крыж, які ўвенчвае дзяржаву, — знак адкуплення свету.