Пошук

24.09.2024 08:07   Тэкст: Ян Шчарбакоў / Фота: Людміла Крушная / Catholic.by

21 верасня вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) здзейнілі пілігрымку ў вёску Новая Мыш (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат).

Мэтай клецкіх пілігрымаў на чале з іх пробашчам, ксяндзом Дзмітрыем Івановым быў касцёл Перамянення Пана ў Новай Мышы, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Бялыніцкай.

У 1995 годзе ў святыні здарыўся пажар. Алтары былі моцна закураныя, і каб іх аднавіць, спатрэбіліся сур’ёзныя рэстаўрацыйныя працы.

Калі рэстаўратары працавалі ў святыні, за абразом Унебаўзяцця Маці Божай у адным з бакавых алтароў іх вачам адкрылася іншая ікона. Гэта была выява Маці Божай Бялыніцкай.

Цудоўная выпадковая знаходка, якая пакуль лічыцца копіяй цудадзейнага Бялыніцкага абраза Багародзіцы, была вельмі падобнай да апісанняў арыгіналу іконы.

Па дарозе ў Новую Мыш пілігрымы наведалі касцёл Божага Цела ў Крошыне (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) са славутым жырандолем, які выкаваў паэт Паўлюк Багрым, а таксама касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Снове (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат).

У святой Імшы, якую ў касцёле ў Новай Мышы цэлебраваў ксёндз Дзмітрый Іваноў, удзельнічалі як пілігрымы з Клецка, так і мясцовыя вернікі. У прамоўленай гаміліі ксёндз Дзмітрый распавёў прысутным пра гісторыю копіі абраза Маці Божай Бялыніцкай і з’яўлення яго ў касцёле ў Новай Мышы.

Сабраныя ў святыні разам памаліліся Ружанец, просячы заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай за сябе, свае сем’і і за ўвесь Касцёл на Беларусі: за яго пастыраў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў.

Пасля Імшы мясцовай парафіянкай, старшынёй касцёльнага камітэта Ірынай Вікенцьеўнай для пілігрымаў была арганізавана экскурсія па касцёле. Падчас яе госці з Клецка яшчэ больш даведаліся пра гісторыю абраза Маці Божай Бялыніцкай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа