4 верасня ў касцёле Святой Тройцы ў Клецку (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат), цэлебравалася святая Імша з нагоды ўспаміну благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе паплечніц, паннаў і мучаніц.
Для мясцовых вернікаў гэты літургічны ўспамін мае асаблівае значэнне, таму што сястра Марыя Стэла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту (Адэля Мардасевіч) нарадзілася 14 снежня 1888 года ў вёсцы Цясноўка, што непадалёк ад Клецка. Яе бацькі, Юльян і Ядзвіга, мелі чацвёра дзяцей. 26 снежня Адэля была ахрышчана ў касцёле ў Клецку. Сакрамэнт хтосту ёй удзяліў тагачасны клецкі пробашч ксёндз Ян Юргевіч.
14 верасня 1910 года Адэля Мардасевіч уступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і 1 жніўня 1943 года разам з дзесяцю іншымі сёстрамі гэтай законніцкай супольнасці прыняла мучаніцкую смерць ад рук гітлераўскіх карнікаў ў Батароўскім лесе паблізу Навагрудка.
Рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак мучаніц спачываюць у фарным касцёле ў Навагрудку.
Цэлебрацыю святой Імшы ў Клецку ў дзень іх літургічнага ўспміну ўзначаліў дэкан Нясвіжскі ксёндз канонік Пётр Шарко. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі Святой Тройцы ў Клецку ксёндз Дзмітрый Іваноў і пробашч парафіі святога Лукі, евангеліста, і святога Марціна ў Мінску ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR.
У прамоўленай гаміліі ксёндз Станіслаў навучаў, каб па прыкладзе благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудку, вернікі будавалі сваё жыццё з Богам; каб праз Сакрамэнт Эўхарыстыі, які з’яўляецца вялікім скарбам Божай прыстунасці ў жыцці чалавека, вучыліся давяраць Пану Богу, Яго міласэрнасці, прымалі і пережывалі з падзякаю ўсе цярпенні, складанасці і цяжкасці зямного жыцця.
Падчас святой Імшы ўсе прысутныя мелі магчымасць атрымаць благаслаўленне рэліквіямі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка.
Напрыканцы цэлебрацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі благаславіў абраз святога Шарбэля Махлуфа, праз заступніцтва якога клецкія вернікі змогуць прасіць у Бога ласкі аздараўлення для сябе і сваіх блізкіх.