Пошук

26.07.2022 16:29   Тэкст: Кс. Павел Слука MSF / Фота: Іна Федарчук, kleck.by / Catholic.by

23 ліпеня у Клецку (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) адбылася святая Імша падзякі Богу за 10-годдзе з часу пасвячэння ў райцэнтры парафіяльнага касцёла Святой Тройцы.

Узначаліў урачыстую цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі разам з арцыпастырам бралі ўдзел святары з законніцкай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, якія з 1996 года нясуць служэнне у клецкай парафіі. Да іх далучыліся душпастыры з суседніх парафій, сярод якіх быў дэкан Нясвіжскі ксёндз канонік Пётр Шарко, а таксама мясцовыя вернікі і госці.

Удзельнікі святой Імшы падзякавалі Богу за паспяховую пабудову касцёла і за ўсіх тых, хто сваімі малітвамі і ахвяраваннямі прычыніўся да гэтай высакароднай справы.

Прысутныя асаблівым чынам узгадалі ў сваіх малітвах перадусім былога пробашча клецкай парафіі ксяндза Эрвіна Вячорка MSF. Менавіта дзякуючы руплівай працы гэтага святара з супольнасці Місіянераў Святой сям’і ў Клецку была пабудавана каталіцкая святыня.

Абрад пасвячэння касцёла Святой Тройцы ў Клецку здзейсніў 30 чэрвеня 2012 года тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Клецкі касцёл стаў адной з шасці святыняў, пабудаванай у Беларусі намаганнямі святароў з законніцкай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і.

Абноўлена 26.07.2022 17:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця