Пошук


28 верасня ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэў каталіцкіх біскупаў 45 краін Еўропы, якія прыбылі ў Мінск на пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

Падчас сустрэчы з каталіцкімі іерархамі прэзідэнт адзначыў, што прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства расцэньваецца «як знак асаблівай павагі да веруючых католікаў Беларусі».

«Упэўнены, гэта прызнанне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава ўпэўнена праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што пасяджэнне біскупскіх канферэнцый Еўропы ў многім сімвалічнае. У гэтым годзе Беларусь святкуе 500-годдзе выдання першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове. Акрамя гэтага, сёлета прыпадае 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

«Упэўнены, наша супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам будзе і далей плённа развівацца на дабрабыт міру і тварэння», — зазначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Існуючая ў нас сістэма неканфліктных адносін паміж дзяржавай, рэлігіяй і грамадствам можа і павінна быць прыкладам для іншых краін. Вашая Рада — гэта прыклад таго, што Царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб наблізіцца да вырашэння тых складаных застарэлых і новых канфліктаў, якія ёсць сёння ў свеце. І тым больш важкім становіцца статус нашага Мінска, як важнай пляцоўкі для перамоў, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых цяжкіх рэгіянальных і сусветных праблемах».

Аляксандр Лукашэнка: «Рэлігійныя канфесіі могуць і абавязаны адыграць важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў»

Паводле слоў беларускага лідара, у Беларусі спакойна суіснуюць прадстаўнікі розных рэлігій і нацыянальнасцяў.

«Мы гэта цэнім, і вашае пасяджэнне тут абавязвае нас да яшчэ большай адказнасці ў плане адзінства нацыянальнасцяў і рэлігій», — сказаў прэзідэнт.«Мы робім і працягнем рабіць усё магчымае, каб Мінскія дамоўленасці, якім няма альтэрнатывы, садзейнічалі хутчэйшаму ўстанаўленню міру на ўкраінскай зямлі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я перакананы, што важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, пабудовае дыялогу паміж рознымі народамі і дзяржавамі ў аб’яднанні людзей могуць і абавязаны адыграць рэлігійныя канфесіі. 

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел у сваю чаргу падкрэсліў, што «беларускі народ ведае цану міру не пачутках».

«Міралюбівы настрой беларускага народа базуецца на асабістым досведзе перажытых выпрабаванняў, якія выпалі на лёс нашых продкаў у мінулыя стагоддзі, — дадаў праваслаўны іерарх, прыгадваючы перажытыя нашым народам войны, міжрэлігійныя канфлікты і іншыя канфліктныя настроі. — Мы шчыра жадаем, каб яны больш ніколі не паўтараліся ў будучыні».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел выказаў «надзею на тое, што праца гэтай канферэнцыі будзе спрыяць міру і добрасуседству на ўсёй прасторы Еўропы».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаючыся да прэзідэнта і прысутных каталіцкіх біскупаў, агучыў ключавыя тэмы асамблеі — моладзь і Еўропа як супольны дом. Беларускі іерарх падкрэсліў, што сёння «Еўропа перажывае шмат выпрабаванняў», а галоўнай прычынай яе заняпаду з’яўляецца духоўны крызіс.

Мітрапаліт Кандрусевіч таксама выказаў надзею, што высокі форум «дасць новы імпульс для ўдасканалення ўзаемаадносін паміж дзяржавай і Касцёлам, а таксама для папулярызацыі Беларусі ў Еўропе і свеце, каб наша краіна была вядома ў ім перадусім як краіна Божага духу».

Кардынал Анджэло Баньяска ў звароце да прэзідэнта адзначыў, што «Касцёл, верны сваёй місіі, жадае зрабіць свой станоўчы ўнёсак у супольнае дабро, і мы перакананыя ў такой самай увазе і такім жа разуменні з боку кожнага ўраду і кожнай дзяржавы, у якой ён існуе».

Ватыканскі іерарх ухваліў увагу ўраду Беларусі «да сям’і, што праяўляецца ў захадах, скіраваных на павелічэнне нараджальнасці». «Гэта знак надзеі ў Еўропе, дзе назіраецца трывожны спад нараджэнняў, што суправаджаецца старэннем насельніцтва», — падкрэсліў кардынал Баньяска.

«Мы таксама высока ацэньваем працу і дыялог, якія дзяржаўныя ўлады вядуць з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі краіны. У гэтай атмасферы добрага супрацоўніцтва мы ўпэўненыя, што пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці — а яны абодва жыццёва важныя для місіі евангелізацыі — могуць быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх», — дадаў старшыня РКБЕ.

Абноўлена 28.09.2017 23:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.