Пошук

28.09.2017 11:34   Catholic.by

«У вялікай працы дзеля пабудовы лепшай і больш чалавечай будучыні Беларусі належыць адыграць вялікую ролю», — адзначыў кардынал Анджэло Баньяска, старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, 28 верасня падчас сустрэчы ўдзельнікаў асамблеі РКБЕ з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

Спадар Прэзідэнт,
ад імя Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы жадаю выказаць Вам падзяку за запрашэнне ў Ваш дом, у гэты прэзідэнцкі палац.

Тут сабралося значнае прадстаўніцтва Старшыняў канферэнцый біскупаў з усёй Еўропы, якія прадстаўляюць каталіцкіх біскупаў 45 краінаў кантынента. Мы прыбылі ў Мінск у адказ на запрашэнне Яго Эксцэленцыі Тадэвуша Кандрусевіча, Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа, каб правесці нашае штогадовае пленарнае пасяджэнне. Мы прынялі запрашэнне нашага дарагога брата з вялікім энтузіязмам, а чулая і гасцінная сустрэча, аказаная беларускім народам з моманту нашага прыбыцця ў аэрапорт, ужо дазваляе нам адчуваць сябе як дома.

Падчас нашай працы ў гэтыя дні мы збіраемся паразважаць пра моладзь і пра Еўропу. Мы паспрабуем вызначыць накірункі разважання, якія еўрапейскі епіскапат мае намер прапанаваць наступнаму Сіноду, прысвечанаму моладзі, які папа Францішак склікаў на восень 2018 года. Гэтай значнай падзеяй Касцёл паказвае свой клопат пра тых, хто з’яўляецца нашай будучыняй, разважаючы над найбольш адпаведнымі спосабамі і падыходамі, каб адказаць на пытанні пра сэнс, які кожны малады чалавек носіць у сваім сэрцы. Закранаючы тэму Еўропы, РКБЕ жадае перш за ўсё засведчыць перажыванне Касцёла за Еўропу, за гэты вялікі кантынент народаў і краінаў, які жадае падзяляць лёс міру і дабрабыту.

Мы тут яшчэ і для таго, каб пазнаёміцца з мясцовай супольнасцю і адзначыць разам з ёю 950-годдзе першага ўспаміну Мінска ў летапісе і 500-годдзе выдання Бібліі — першай кнігі, надрукаванай на беларускай мове.

Гэтыя дзве гадавіны — не толькі падзеі з мінулага вашага народа: яны таксама сведчаць пра глыбокія карані хрысціянства на гэтай высакароднай зямлі і запрашаюць нас паразважаць над тым, наколькі карысным для ўсебаковага развіцця асобы можа быць належнае супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам з павагай да аўтаноміі абодвух гэтых суб’ектаў.

Спадар Прэзідэнт, нам вядома, як паспяхова развіваецца жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, дзякуючы таксама добрым узаемаадносінам з дзяржаўнымі ўладамі: Дзяржава і Касцёл разумеюць, у духу ўзаемнага прызнання і ўзаемапавагі, што яны пакліканыя разам спрыяць супольнаму дабру і ўсебаковаму развіццю асобы. Мы з задавальненнем адзначаем увагу да сям’і, што праяўляецца ў захадах, скіраваных на павелічэнне нараджальнасці: гэта знак надзеі ў Еўропе, дзе назіраецца трывожны спад нараджэнняў, што суправаджаецца старэннем насельніцтва. Мы таксама высока ацэньваем працу і дыялог, якія дзяржаўныя ўлады вядуць з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі краіны. У гэтай атмасферы добрага супрацоўніцтва мы ўпэўненыя, што пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці — а яны абодва жыццёва важныя для місіі евангелізацыі — могуць быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх.

Спадар Прэзідэнт, Касцёл, верны сваёй місіі, жадае зрабіць свой станоўчы ўнёсак у супольнае дабро, і мы перакананыя ў такой самай увазе і такім жа разуменні з боку кожнага ўраду і кожнай дзяржавы, у якой ён існуе. Каштоўнасць рэлігійнай свабоды і чалавечага жыцця — гэта неад’емны набытак народаў і нацый Еўропы.

Спадар Прэзідэнт, у вялікай працы дзеля пабудовы лепшай і больш чалавечай будучыні Беларусі належыць адыграць вялікую ролю. І за гэта мы молімся.

Абноўлена 28.09.2017 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.