Пошук

28.09.2017 11:35   Catholic.by

«У Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбываюцца розныя сустрэчы, але яшчэ ніколі ў ім не было так шмат іерархаў Каталіцкага Касцёла, якімі з’яўляюцца кіраўнікі епіскапатаў Еўропы».

Мінск, Палац Незалежнасці
28 верасня 2017 г.

Глыбокапаважаны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Вашыя Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, паважаныя ўдзельнікі гэтай сустрэчы!

Найперш дазвольце ад свайго імя і ад імя ўсіх прысутных выказаць падзяку Вам, Аляксандр Рыгоравіч, за магчымасць сустрэцца з Вамі, што з’яўляецца праяваю павагі дзяржавы да Каталіцкага Касцёла як у Беларусі, так і ў Еўропе, а таксама знакам развіцця адносін паміж імі з мэтай служэння чалавеку. Хоць Касцёл не з гэтага свету, але ён жыве і дзейнічае ў гэтым свеце. Таму клопат пра чалавека з’яўляецца зыходным пунктам узаемаадносін Касцёла і дзяржавы з мэтай узаемадзеяння па найбольш актуальных праблемах сучаснасці, сярод якіх асаблівае месца займае этыка правоў чалавека, абарона Богам устаноўленага інстытуту сям’і і Божага дару жыцця.

Шчыра дзякую Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму Экзарху Усяе Беларусі Паўлу за яго прысутнасць і добразычлівасць. Гэта яшчэ раз указвае на пазітыўны вектар развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у нашай краіне.

Выбар сталіцы Беларусі ў якасці месца правядзення форуму еўрапейскіх каталіцкіх біскупаў — гэта гонар для Каталіцкага Касцёла нашай краіны, які, нібы фенікс з попелу, дынамічна адраджаецца пасля 70 гадоў пераследу, і прызнанне яго ролі як у жыцці беларускага грамадства, так і ў жыцці Еўропы. Гэта таксама знак павагі да нашай краіны і высокая ацэнка стану міжрэлігійнага і міжканфесійнага дыялогу ў ёй.  

У Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбываюцца розныя сустрэчы, але яшчэ ніколі ў ім не было так шмат іерархаў Каталіцкага Касцёла, якімі з’яўляюцца кіраўнікі епіскапатаў Еўропы.

Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што ў апошні час Беларусь, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, усё часцей становіцца цэнтрам прыцяжэння «cтарога кантынента» не толькі для палітыкаў, эканамістаў, дзеячаў культуры і навукі ці спартсменаў, але таксама і для рэлігійных лідараў.

Так, у 2007 г. Мінск стаў месцам сустрэчы Генеральных сакратароў Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

У 2014 г. у беларускай сталіцы з вялікім поспехам прайшоў IV Каталіцка-праваслаўны форум, прысвечаны рэлігіі і культурнай разнастайнасці як выкліку для хрысціянаў Еўропы. Яго праца шырокім рэхам адгукнулася ў сучаснай Еўропе, якая страчвае хрысціянскія карані і сваю хрысціянскую ідэнтычнасць.

Праз год пасля гэтага Мінск стаў месцам сустрэчы «Нармандскай чацвёркі» — лідараў Германіі, Францыі, Расіі і Украіны з мэтай вырашэння зацягнутага канфлікту на ўсходзе нашага паўднёвага суседа. Хоць гэты крывавы канфлікт ва Украіне яшчэ не завяршыўся, тым не менш Мінскія пагадненні застаюцца базай для яго ўрэгулявання. Сталіца Беларусі і далей з’яўляецца пляцоўкай для перамоў па вырашэнні гэтай набалелай праблемы.

Сёння ў Мінску распачынаецца чарговае Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Адметна, што гэты самы прэстыжны форум еўрапейскіх каталіцкіх іерархаў адбываецца ў юбілей 950-годдзя заснавання Мінска і ў 500-ю гадавіну выдання Бібліі на старабеларускай мове нашым славутым першадрукаром Францішкам Скарынам. Усё гэта мае самае непасрэднае значэнне для нашай краіны з яе больш чым тысячагадовай гісторыяй хрысціянства — багатай, але адначасова трагічнай, бо на працягу трох пакаленняў яно падвяргалася жудасным ганенням, а цяпер адраджаецца.

Мінскае Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы прысвечана праблемам моладзі і будучыні Еўропы як нашага супольнага дому. Як вядома, моладзь — гэта будучыня Касцёла і свету. Ад таго, на якіх каштоўнасцях яна будзе выхавана, залежыць нашае заўтра.

Еўропа перажывае шмат выпрабаванняў. Найчасцей гаворыцца пра эканамічны, фінансавы, дэмаграфічны, міграцыйны крызісы, пра заняпад сямейных каштоўнасцяў, абароны жыцця, і г.д. Спецыялісты ліхаманкава шукаюць выйсця з гэтай сітуацыі. Аднак, на жаль, яны вельмі часта не прызнаюць таго, што галоўнай прычынай гэтага заняпаду з’яўляецца духоўны крызіс.

Еўропа забываецца пра хрысціянскія карані і духоўны падмурак, на якім была збудавана яе цывілізацыя. Замест гэтага яна ўсё часцей звяртаецца да ідэалогій, якія не прызнаюць Бога, не паважаюць чалавека як Божае стварэнне і свабоду жыць паводле Божага закону, у выніку чаго дэмакратыя без арыентацыі на праўду зводзіцца да індывідуалізму і, як адзначыў папа Францішак, вядзе да глабалізацыі абыякавасці. Таму неабходна памятаць пра тое, што Еўропа вырасла з хрысціянства і для рашэння сваіх праблем павінна вярнуцца да хрысціянскіх каранёў, бо дрэва з падрэзанымі каранямі засохне.

У гэтым працэсе асаблівая роля належыць моладзі, якой уласцівы пошук новых жыццёвых шляхоў. Выхаваная на этычных прынцыпах, яна можа дапамагчы абудзіць Еўропу з духоўнага летаргічнага сну, каб пераадолець маральны заняпад, які становіцца хранічным.

Выказваю надзею, што Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню нашага кантынента, каб Еўропа зноў стала Еўропай духу. Ёсць добравядомая лацінская прымаўка: Ex oriente lux — «Святло з Усходу». Беларусь жа, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, злучае Захад з Усходам.

Гэты высокі форум дазволіць каталіцкім іерархам нашага кантынента лепш пазнаць Беларусь і рэлігійную сітуацыю ў ёй. Спадзяюся, што ён таксама дасць новы імпульс для ўдасканалення ўзаемаадносін паміж дзяржавай і Касцёлам, а таксама для папулярызацыі Беларусі ў Еўропе і свеце, каб наша краіна была вядома ў ім перадусім як краіна Божага духу.

Яшчэ раз дзякую за магчымасць сустрэчы і за ўвагу.

Абноўлена 28.09.2017 19:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.