Пошук

20.09.2021 13:50   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Кульмінацыяй агульнабеларускіх урачыстасцяў, якія 17–18 верасня праходзілі ў Бялынічах з нагоды 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі, стала цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Напярэдадні ў Раённым цэнтры культуры прайшла навуковая канферэнцыя, прысвечаная гэтым важным падзеям у жыцці мясцовага Касцёла, а таксама адбылася святая Імша побач з капліцай Маці Божай Бялыніцкай — адзінай у дзесяцітысячным райцэнтры каталіцкай святыняй.

Раніцай наступнага дня удзельнікі ўрачыстасцяў пазнаёміліся з багатай гісторыяй Бялынічаў і цудатворнай бялыніцкай іконы ў Раённым мастацкім музеі імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Завяршыліся ўрачыстасці святой Імшой на месцы даўніх каталіцкіх могілак — традыцыйным месцы штогадовых фэстаў, дзе мясцовыя католікі жадаюць пабудаваць касцёл і просяць на гэта дазвол у дзяржаўных уладаў.

На палявым алтары пад навесам быў змешчаны старадаўні спіс абраза Маці Божай Бялыніцкай, арыгінал якога лічыцца страчаным. Гэты спіс быў створаны неўзабаве пасля цуду Маці Божай у ляхавіцкім замку, які адбыўся ў 1660 годзе, калі заступніцтва Багародзіцы ўратавала беларускі горад ад захопу маскоўскім войскам.

У святой Імшы бралі ўдзел усе дзеючыя каталіцкія біскупы Беларусі, некалькі дзясяткаў святароў і больш за сотню вернікаў з усіх беларускіх дыяцэзій, а таксама праваслаўныя. З прывітальным словам да прысутных перад пачаткам цэлебрацыі звярнуўся Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч у адным са сваіх вершаў пісаў: „На Беларусі Бог жыве, — І няхай да веку жыве“. Зямля наша беларуская сапраўды была спрадвеку благаслаўлёнай дзякуючы прысутнасці ў нашых гарадах, мястэчках і нават у вёсках шматлікіх хрысціянскіх святыняў, а таксама цудадзейных ікон Дзевы Марыі. <…>

Маці Божая аб’ядноўвае ўсіх нас, робячы нас дзецьмі Маці цывілізацыі любові. Яна хоча, каб мы ішлі па Яе слядах, кажучы „так“ Хрысту, працуючы з нашымі біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і паказваючы іншым праз свой прыклад радасць, якой з’яўляецца жыццё ў лучнасці з Езусам Хрыстом. Сёння мы сабраліся тут, у Бялынічах, перад спісам цудадзейнай іконы Дзевы Марыі Бялыніцкай у тым самым духу адзінства.

Гледзячы ад алтара, я бачу пілігрымаў з усёй Беларусі, і гэта моцны напамін усім нам, што любоў Маці Божай і вера сталі каталізатарамі навяртання для людзей у 1761 годзе, падчас урачыстасці каранацыі, і застаюцца фундаментальным элементам веры для нашай краіны сёння», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі, прывітаўшы гасцей і запрасіўшы нунцыя Ёзіча ўзначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыю.

У прамоўленым Божым слове прадстаўнік Святога Айца выказаў сваю радасць ад магчымасці наведаць Магілёўшчыну і маліцца разам з тутэйшымі вернікамі і пілігрымамі ў 260-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай.

«У той жа час мы сабраліся, каб падзякаваць Пану за дар Касцёла ў Беларусі, які сёлета адзначае 30-годдзе адраджэння сваіх структур, якія працягваюць развівацца», — дадаў Апостальскі нунцый.

Ён звярнуў увагу на тое, што абраз Маці Божай Бялыніцкай лічыцца цудатворным, таму што перад ім на працягу стагоддзяў маліліся не толькі католікі, але і шматлікія вернікі іншых канфесій, якія прасілі аб заступніцтве для сваіх сем’яў.

«Абраз стаў святыняй, якая аб’ядноўвае народ Божы і натхняе яго. Па гэтай прычыне абраз быў каранаваны 260 гадоў таму, 20 верасня 1761 года, таму што Маці Божую ўшаноўваюць як Каралеву Беларусі, якая вядзе народ Божы да Хрыста, Збаўцы свету. Як стагоддзі таму, так і сёння людзі звяртаюцца да Маці Божай, каб атрымаць духоўную дапамогу перад абліччам шматлікіх праблем і цяжкасцяў, з якімі кожны сутыкаецца ў жыцці», — адзначыў арцыбіскуп Ёзіч.

«Сёння мы прыходзім да Панны Марыі, каб папрасіць Яе Сына даць нам супакой, здароўе, еднасць і благаслаўленне. Найсвяцейшая Панна Марыя добра ведае, у чым мы маем патрэбу, і дапаможа нам знайсці правільныя адказы на пытанні нашага штодзённага жыцця. Па прычыне пандэміі каранавірусу мы па-ранейшаму жывём у асаблівых умовах, але сённяшняе свята напаўняе нас радасцю, таму што Марыя вучыць нас любіць Бога і любіць бліжняга, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, праблемы, хваробы, непаразуменні, беднасць», — падкрэсліў прадстаўнік Папы.

Звяртаючыся да першага літургічнага чытання з Кнігі прарока Ісаі, у якім ішла гаворка пра тое, што святы горад Ерузалем будзе ўмілаваны Панам, калі народ Божы ўзрадуецца ў справядлівасці, арцыбіскуп зазначыў, што «кожны павінен шукаць справядлівасці і, перш за ўсё, справядлівасці збаўлення. Справядлівасць стварае фундамент ў народзе Божым, каб быць адзінымі, быць шчаслівымі, быць любімымі».

«Нягледзячы на цяжкасці, якія нас атачаюць, кожны з нас запрошаны да таго, каб ўнесці свой уласны ўклад у сапраўдную справядлівасць, пра якую кажа прарок Ісая, каб мець магчымасць падзяліцца шчасцем з самім Богам і з нашым бліжнім.

Без справядлівасці няма сапраўднай радасці, няма сапраўднага адзінства, няма сапраўднага збаўлення ні ў сям’і, ні ў Касцёле, ні ў грамадстве», — перакананы ватыканскі дыпламат.

«Мы жывем у перыяд, калі яскравы прыклад Марыі дае нам надзею на вырашэнне нашых праблем. Марыя вучыць нас, як захаваць супакой у целе і душы, адзінства ў падзелах і цяжкасцях, як выйсці насустрач тым, хто церпіць або знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Ідучы шляхам Марыі, мы знойдзем сапраўдны шлях, які прывядзе нас да Яе Сына Езуса Хрыста», — сказаў нунцый, запрасіўшы вернікаў звярнуцца да Багародзіцы з просьбай аб выратаванні сем’яў і абароне іх «ад шматлікіх выклікаў, якія намагаюцца знішчыць хрысціянскія каштоўнасці».

«Мы дзякуем Пану за адраджэнне касцёльных структур у краіне, якія дазваляюць вернікам актыўна ўдзельнічаць і адраджаць нашы каталіцкія супольнасці. Я дзякую ўсім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам за дар жыцця і служэнне Хрыстоваму Касцёлу», — сказаў прадстаўнік Святога Айца, выказаўшы таксама падзяку дзяржаўным уладам за распачатую амністыю і заклікаўшы іх паскорыць яе правядзенне, што, на яго думку, «пойдзе толькі на карысць працэсу нацыянальнага прымірэння ў краіне дзеля агульнага дабра».

Напрыканцы ён яшчэ раз заахвоціў усіх памаліцца перад абразом Маці Божай Бялыніцкай, каб Яна заўсёды заставалася са сваім народам.

«Ты, Маці Касцёла, сваім заступніцтвам аднаўляеш у нас сэнс жыцця, справядлівасці і сапраўднай радасці, каб мы ведалі, як захоўваць гэты святы запавет з Табой і заўсёды заставацца ў еднасці з Табой і Тваім Сынам Езусам Хрыстом», — такімі словамі, скіраванымі да Маці Божай, завяршыў сваю гамілію Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

На заканчэнне цэлебрацыі новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай, прачытаўшы перад старадаўнім спісам Яе цудадзейнага абраза адмысловы Акт прысвячэння.

Пасля святой Імшы ўсе ўдзельнікі атрымалі на памяць медальёны, адчаканеныя ў памяць пра 260-годдзе каранацыі іконы Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі, а таксама гарачую кашу з гарбатай, каб сагрэцца пасля доўгага знаходжання пад дажджом з моцным халодным ветрам.

На працягу двух дзён агульнабеларускіх урачыстасцяў Бялынічы наведалі ўсе беларускія біскупы, некалькі дзясяткаў святароў і пілігрымы — гэтым разам, штопраўда, зусім нешматлікія — з усіх дыяцэзій на Беларусі.

Тым не менш самы «ўсходні» ў нашай краіне марыйны фэст з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, што культ Маці Божай Бялыніцкай на Магілёўшчынне паступова адраджаецца, хоць у Бялынічах пакуль няма ні самога цудадзейнага абраза, ані святыні, дзе можна было б нармальна маліцца.

 

Абноўлена 20.09.2021 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.