На заканчэнне агульнабеларускіх урачыстасцяў, якія 17–18 верасня праходзілі ў Бялынічах на Магілёўшўчыне, новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай.
Акт прысвячэння быў прачытаны на заканчэнне святой Імшы на даўніх каталіцкіх могілках у Бялынічах, у якой бралі ўдзел усе дзеючыя каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
Іерархі, святары і прысутныя вернікі даручылі Багародзіцы лёс Беларусі і яе народа перад старадаўнім спісам абраза Маці Божай Бялыніцкай, спецыяльна для гэтага дастаўленым у Бялынічы. Гэты спіс, або копія славутай іконы, якая лічыцца страчанай, быў зроблены пасля цуду Маці Божай, які адбыўся падчас вайны ў 1660 годзе ў ляхавіцкім замку, дзе тады знаходзіўся абраз Маці Божай Бялыніцкай. Менавіта заступніцтву Маці Божай мужныя абаронцы беларускага горада ад маскоўскіх захопнікаў прыпісалі цуд уратавання ад варожай навалы.
Такім чынам, акт прысвячэння — гэта пакорная просьба аб заступніцтве Маці Божай, якую вернікі нашай краіны ўшаноўваюць як Каралеву Беларусі, і аб уратаванні ад усялякага зла: духоўнага, маральнага і фізічнага.
«О велічная і ласкавая Маці Божая Бялыніцкая, Каралева Беларусі! Мы, Твае духоўныя дзеці стаім перад Табою з удзячнасцю за прыклад жывой веры, надзеі і любові, за апеку над намі і за выпрашаны ў Бога дар адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Стаім з пачуццём віны за грахі нашага народа і за нашыя асабістыя правіны. Мы ўсведамляем, як моцна нам патрэбна пакаянне за іх, за парушэнне абяцанняў, дадзеных падчас хросту, за адыход ад веры, і просім прабачэння ў міласэрнага Бога і бліжніх», — такімі словамі новы арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі распачаў супольную малітву.
Пад золкім восеньскім дажджом, які ішоў падчас усяго набажэнства на адкрытым паветры, да пахмурнага неба ўзносіліся словы, поўныя веры і надзеі, а таксама любові да нябеснай Матулі: «Табе, наша Каралева і Апякунка, ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну — сінявокую Беларусь, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей, моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашыя думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі.
Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне».
Пасля гэтага вернікі разам з арцыпастырам далі дзесяць абяцанняў, у якіх абавязаліся жыць паводле вучэння Хрыста і Яго святога Евангелля, баронячы сапраўдныя каштоўнасці і пазбягаючы маральнага зла.
На заканчэнне малітвы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваў да Маці Божай поўныя даверу словы: «Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь на падмурку Евангелля».