На сёлетніх агульнанацыянальных урачыстацях у гонар Маці Божай Бялыніцкай у 260-ю гадавіну каранацыі Папскімі каронамі гэтага цудадзейнага абраза і 30-ю гадавіну аднаўлення касцёльных структур у Беларусі галоўнай рэліквіяй стане старажытны спіс (копія) славутай іконы, якая лічыцца страчанай.
Спіс быў зроблены пасля цуду Маці Божай у ляхавіцкім замку. Абраз быў знойдзены ў могілкавай капліцы каля вёскі Сноў. Ён стаяў за печкай, побач — дровы. Такія ўмовы «захавання» не пайшлі абразу на карысць: частка малюнка была страчана, але аблічча Маці Божай, на шчасце, захавалася. Рэстаўратар Аляксей Пуцінцаў працаваў над аднаўленнем іконы больш за год.
З дазволу дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», у чыім веданні знаходзіцца старажытны спіс ХVII стагоддзя, удзельнікі фэсту, які 17–18 верасня пройдзе ў Белынічах, змогуць яго ўбачыць і памаліцца перад ім.
Пасля ўрачыстасцяў у Бялынічах з 19 па 26 верасня абраз будзе знаходзіцца ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава для ўшанавання ўсімі ахвотнымі.