Пошук

18.09.2021 17:38   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч падчас агульнабеларускіх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якія 17–18 верасня праходзілі ў Бялынічах на Магілёўшчыне, вітаў прынятае напярэдадні рашэнне ўладаў вызваліць 13 зняволеных і заклікаў іх паскорыць гэты працэс.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўзначаліў цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ў другі дзень урачыстасцяў, прымеркаваных да 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя аднаўлення ў Беларусі структур Каталіцкага Касцёла.

У прамоўленай на Імшы гаміліі Нунцый Ёзіч, у прыватнасці, сказаў:

«Я таксама ўдзячны ўладам, якія вырашылі ў Дзень народнага адзінства абвясціць амністыю, вызваліўшы 13 чалавек са зняволення.

Неабходна паскорыць гэты працэс, каб дазволіць сем’ям з’яднацца і вярнуцца на працу і ў свае святыні. Гэта, без сумневу, пойдзе толькі на карысць працэсу нацыянальнага прымірэння ў краіне дзеля агульнага дабра», — упэўнены ватыканскі дыпламат.

Заклік Апостальскага нунцыя ідзе ў рэчышчы словаў Папы Францішка, прамоўленых ім падчас малітвы «Анёл Панскі» 18 жніўня 2020 года, на пачатку грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. Тады Святы Айцец сказаў: «Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою».

Абноўлена 18.09.2021 19:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.