Пошук

20.09.2021 15:22   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Раніцай 18 верасня, у другі дзень агульнабеларускіх урачыстасцяў у гонар 260-годдзя каранацыі цададзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, прысутныя на іх каталіцкія біскупы наведалі Раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах.

У экспазіцыі, значна ўзбагачанай да леташняга Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у райцэнтры, высокія наведвальнікі змаглі ўбачыць старадаўнюю фрэску, цудам уратаваную з узарванага ў другой палове мінулага стагоддзя бялыніцкага кляштара кармэлітаў.

На манументальным насценнынм жывапісе, выкананым у стрыманых танах, уласцівых барочнай манеры, прадстаўлены Езус, які з крыжам узыходзіць на высокую гару, ведучы за сабою біскупа ў мітры і манахаў у белых кармэліцкіх плашчах.

На жаль, гэта ўсё, што засталося ад колішняй велічы, што больш за два стагоддзі ўзносілася на высокім узгорку над Друццю.

Калісьці гэтая фрэска знаходзілася над сходамі кляштара, які размяшчаўся побач з велічнай базылікай, у якой захоўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай, каранаваны папскімі каронамі 20 верасня 1761 года.

Як выглядала каранацыя, біскупы маглі ўбачыць на сучаснай карціне, створанай паводле захаваных апісанняў гістарычнай падзеі, што адбылася ў Бялынічах 260 гадоў таму.

Аглядаючы экспазіцыю, наведвальнікі пазнаёміліся з багатай гісторыяй бялыніцкай зямлі і занурыліся ў чароўны свет высокага мастацтва яе славутага сына Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

 

 

Абноўлена 20.09.2021 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця