Пошук

12.01.2024 08:08   Vatican News

Фота: Wikimedia commons
Фота: Wikimedia commons

11 студзеня ў Ватыкане прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная рэстаўрацыі балдахіна над галоўным алтаром базылікі святога Пятра.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, па словах арцыпрэзбітэра ватыканскай базылікі кардынала Маўро Гамбэцці, рэстаўрацыя мае вялікае сімвалічнае значэнне, паколькі балдахін узвышаецца над месцам пахавання апостала Пятра. Сюды на працягу ўжо амаль дзвюх тысяч гадоў сцякаецца незлічоная колькасць пілігрымаў з усіх куткоў свету.

10 месяцаў рэстаўрацыі

Рашэнне аб правядзенні гэтай «складанай і неабходнай» рэстаўрацыі шэдэўра Бэрніні было прынята ў сувязі з набліжэннем Юбілею 2025 года.

Плануецца, што праца распачнецца ў лютым 2024 года і будзе завершана ў снежні, перад адкрыццём юбілейнай Святой брамы.

Рэстаўрацыя прымеркавана таксама да 400-годдзя пасвячэння ватыканскай базылікі, якое адбылося 18 лістапада 1626 года пры Урбане VIII. Менавіта гэты Папа даручыў стварыць балдахін свайму даверанаму архітэктару і скульптару Джанларэнцо Берніні. З ім супрацоўнічаў таленавіты творца Франчэско Бараміні, а таксама вялікая група скульптараў, ліцейшчыкаў, цесляроў і майстроў іншых спецыяльнасцяў.

Праца над балдахінам доўжылася дзесяць гадоў. Ён быў задуманы ў форме покрыва з каштоўных тканін, якія выкарыстоўваліся для ўрачыстай дэманстрацыі рэліквій. Яго верхнюю частку падтрымліваюць чатыры гіганцкія вітыя бронзавыя калоны. Назва балдахін паходзіць ад слова Baldác — так у тагачасным Рыме называлі Багдад, адкуль прывозілі тканіны.

Мэта рэстаўрацыі

Фота: Wikimedia commons
Фота: Wikimedia commons

Асноўная мэта рэстаўрацыі — захаваць шэдэўр барочнага мастацтва, стан якога пагоршыўся.

Апошняя сур’ёзная рэстаўрацыя балдахіна праводзілася ў XVIII стагоддзі, і з таго часу мінула больш за 250 гадоў, — нагадаў кардынал Гамбэцці.

Рэстаўрацыйныя работы не паўплываюць на правядзенне цэлебрацый: Святая Імша будзе па-ранейшаму праходзіць пры галоўным алтары базылікі.

Гігант мастацтва і архітэктуры

Фота: Wikimedia commons
Фота: Wikimedia commons

Складанасць працы абумоўлена, па-першае, тым, што «мы маем справу з гігантам».

Балдахін — гэта гігант мастацтва ўсіх часоў і народаў, але таксама і гігант па форме і памеры: яго вышыня складае 28,74 метра, агульная вага — 63 тоны.

Асобныя часткі балдахіна таксама ўражваюць памерамі: вышыня чатырох мармуровых пліт, на якіх усталяваныя калоны, складае 2,6 метра. Чатыры бронзавыя калоны ў вышыню дасягаюць 11,32 метра, кожная з іх важыць больш за 9 тон. 4-метровыя скульптуры чатырох анёлаў важаць па 2,5 тоны. Вышыня крыжа складае 2,2 метра.

Па-другое, помнік створаны з выкарыстаннем розных матэрыялаў: паліраванай і пазалочанай бронзы, медзі, дрэва, жалеза, цэглы, бетона і іншых. Таму яго рэстаўрацыя патрабуе глыбокага навуковага даследавання і адмысловых тэхналогій.

Сродкі на правядзенне рэстаўрацыі ў памеры сямісот тысяч еўра выдаткаваў Ордэн Рыцараў Калумба.

Абноўлена 12.01.2024 08:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця