Прапрэфект Дыкастэрыі евангелізацыі народаў арцыбіскуп Рыно Фізікела, якому Папа Францішак даручыў падрыхтоўку юбілейных мерапрыемстваў 2025 Святога года, 28 кастрычніка ў прэс-службе Святога Пасаду распавёў пра планы Юбілею.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарах падкрэсліў, што ў юбілейным годзе Рым рыхтуецца паказаць пілігрымам сваё найпрыгажэйшае аблічча. Арцыбіскуп Фізікела дадаў, што працяглая падрыхтоўчая праца паціху завяршаецца.
Першы пілігрым надзеі
Прапрэфект Дыкастэрыі евангелізацыі народаў паведаміў, што Юбілей распачнецца 24 снежня ўрачыстай святой Імшой, якую Святы Айцец будзе цэлебраваць на плошчы святога Пятра а 19-й гадзіне.
Пасля яе Папа адчыніць Святыя дзверы і стане першым пілігрымам надзеі, які пройдзе праз іх.
Аб распачацці Юбілею абвесціць канцэрт званоў, што будзе папярэднічаць літургіі.
Арцыбіскуп Фізікела адзначыў, што Папа Францішак і сам жадае стаць пілігрымам, таму 26 снежня ён скіруецца ў рымскую турму Рэбібія, каб адчыніць там Святыя дзверы, якія сімвалізуюць надзею для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў турмах свету. Пры гэтым арцыбіскуп Фізікела нагадаў заклік Папы з булы, якая абвяшчае Юбілей: «Я прапаную ўрадам, каб у Юбілейны год яны распачалі ініцыятывы па аднаўленні надзеі; формы амністыі або адмены прысудаў, якія закліканы дапамагчы людзям вярнуць веру ў сябе і ў грамадства; працэсы рэінтэграцыі зняволеных у грамадства, якім бы адпавядалі канкрэтныя абавязацельствы зняволеных выконваць закон».
Юбілей культуры
На прэс-канферэнцыі было абвешчана, што на афіцыйным сайце Юбілею 2025 года (www.iubilaeum2025.va), акрамя календара вялікіх падзей, можна будзе знайсці таксама больш падрабязную інфармацыю адносна пілігрымак і культурных мерапрыемстваў. Арцыбіскуп Фізікела адзначыў, што важным вымярэннем Святога Года з’яўляецца Юбілей культуры. Ён нагадаў пра вялікі поспех выставы твораў Эль Грэка, якую наведалі больш за 270 тысяч чалавек, або карціны Сальвадора Далі і эскізу, намаляванага святым Янам ад Крыжа, якую паглядзела больш за 330 тысяч чалавек.
Сярод бліжэйшых мерапрыемстваў Юбілею культуры арцыбіскуп Фізікела адзначыў, між іншым, канцэрт 3 лістапада, на якім Акадэмія святой Цэцыліі выканае пятую сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча, напісаную ўвесну 1937 года.
22 снежня ў касцёле святога Ігнацыя Лаёлы знакаміты хор Папскай Сікстынскай капэлы прадставіць поліфанічныя кампазіцыі Палестрыны, Пэрозі і Бэрталуччы. 27 лістапада адкрыецца двухмесячная выстава, на якой можна будзе палюбавацца «Белым укрыжаваннем» Марка Шагала, а з 16 снежня будуць прадстаўлены васямнаццаць «Ікон надзеі», якія паходзяць, між іншым, з Грэцыі, Расіі, Украіны, Балгарыі і Македоніі.
Юбілейная выстава Expo 2025
Арцыбіскуп Фізікела абвясціў, што юбілейныя ўрачыстасці будуць уключаць Expo 2025 у Осацы ў Японіі. Упершыню ў гісторыі павільён Святога Пасаду будзе размяшчацца ў італьянскім павільёне, а яго галоўным дэвізам стане «Прыгажосць, якая нясе надзею». Сапраўдным рарытэтам выставы стане экспанаванне твора «Цела Хрыста кладуць у магілу», які з’яўляецца адзінай карцінай Караваджа ў калекцыі Ватыканскіх музеяў.
Лючэ — афіцыйны маскот Юбілею
Акрамя таго, як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Пасад возьме ўдзел у міжнародным Фестывалі коміксаў і відэагульняў Lucca Comics & Games, які пройдзе ў італьянскім горадзе Люка. На форуме адбудзецца прэзентацыя афіцыйнага маскоту Юбілею 2025 года. Пры гэтым адзначаецца, што Дыкастэрыя Святога Пасаду ўпершыню будзе ўдзельнічаць у тасканскім фестывалі — самым значным у Еўропе кірмашы, прысвечаным коміксам, гульням, відэагульням, анімацыйным фільмам, фэнтэзі, ілюстрацыі і тэлевізійным серыялам.
Арцыбіскуп Фізікела заявіў, што ўдзел у форуме стане магчымасцю прадставіць афіцыйны маскот Юбілею — Лючэ (з італьянскай мовы: святло), сімвал надзеі і братэрства: каштоўнасцяў, якія ідэальна адпавядаюць тэме фестывалю.
Іерарх расказаў, што Лючэ быў створаны з жадання прысутнічаць таксама ўнутры поп-культуры, якую вельмі любіць моладзь. Ён быў распрацаваны італьянскім мастаком Сімонэ Леньё. Маскот уяўляе сабой пілігрыма ў жоўтым дажджавіку і ботах, запэцканых зямлёй на пройдзеных шляхах, з місіянерскім крыжыкам на шыі, пілігрымскім посахам і ззяючымі вачыма — сімвалам надзеі ў сэрцы.
«Мы лічым, што такая выстава, як Lucca Comics & Games, дазволіць нам паразмаўляць з маладымі пакаленнямі на тэму надзеі, якая займае цэнтральнае месца ў евангельскім пасланні», — дадаў арцыбіскуп Рына Фізікела.
Павільён Апостальскай Сталіцы на фестывалі Lucca Comics & Games будзе называцца «Лючэ і сябры» (Luce & Friends). Ён размесціцца ў арцыбіскупскім палацы Люкі і будзе адкрыты з 30 кастрычніка па 3 лістапада. Наведвальнікі павільёну атрымаюць не толькі магчымасць пазнаёміцца з першым маскотам у гісторыі касцёльных Юбілеяў, але таксама атрымаць інфармацыю пра мерапрыемствы, якія адбудуцца ў межах Святога года ў Рыме.