Пошук

18.09.2021 20:31   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У межах агульнабеларускіх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якія адбываліся 17–18 верасня, у Бялынічах прайшла навуковая канферэнцыя, на якой былі прадстаўлены чатыры даклады.

Паколькі сёлетнія марыйныя ўрачыстасці на Магілёўшчыне былі прымеркаваны да 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і 30-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі пасля перыяду атэістычнага пераследу, тэматыка дакладаў была звязана са згаданымі важнымі падзеямі.

Першым з дакладам на канферэнцыі выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які распавёў пра адраджэнне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

З асаблівасцямі Марыйнага культу ў Беларусі ўдзельнікаў урачыстасці пазнаёміў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, доктар тэалогіі, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія). У першай частцы свайго паведамлення святар прадставіў значэнне так званай «народнай пабожнасці», адгалінаваннем якой з’яўляецца пабожнасць марыйная — неад’емны элемент Марыйнага культу.

Спасылаючыся на высновы вядомага нямецкага сацыёлага Макса Вэбера, ксёндз Уладзімір Гуляй адзначыў, што ў індустрыяльным грамадстве, пабудаваным на прынцыпах спажывальніцтва і юрыдызму, чалавечыя ўзаемаадносіны ўсё больш абезаблічваюцца, а на першы план выходзіць прагматычны падыход да ўсіх з’яваў жыцця.

«У народнай пабожнасці можна ўбачыць фактар супрацьстаяння такому працэсу рацыяналізацыі свету. Акурат марыйная пабожнасць і дазваляе сучаснаму чалавеку выйсці па-за межы інтэлектуальнага разліку і рацыянальнага прагматызму. Марыйнасць надае рэлігійнасці своеасаблівыя персаналістычныя рысы, звяртаючы ўвагу на эмацыйныя і асабістыя элементы. На супрацьпастаўленне паміж марыйнай рысай народнай пабожнасці і рацыяналізацыяй указвае гісторыя заходняга хрысціянства. На думку згаданага сацыёлага (і гэта цікава), адным з фактараў, што далі пачатак сучаснай рацыяналізацыі свету, была менавіта рэфармацыя, адной з істотных характэрных рысаў якой, як вядома, стаў прынцыповы адыход ад марыйнага культу.

Такім чынам, марыйны культ, ці марыйная духоўнасць, — гэта спецыфічная рыса рэлігійнага вопыту чалавека, якая заключаецца ў аднясенні да Марыі, Маці Хрыста. Досведу, які таксама дапамагае чалавеку адкрыць іншае вымярэнне свайго існавання, багаты свет чалавечай асобы», — падкрэсліў дакладчык.

Далей ён падаў кароткую гісторыя развіцця Марыйнага культу як істотнага элемента народнай пабожнасці ў паўсюдным Касцёле і на тэрыторыі Беларусі.

Ксёндз канонік Уладзімір Гуляй

У другой частцы дакладу быў паказаны культ Маці Божай у святле дакументаў Каталіцкага Касцёла, перадусім «Дырэкторыя пра народную пабожнасць», а ў трэцяй даследчык даў кароткі аналіз практычнага вымярэння культу Маці Божай у каталіцкіх парафіях Беларусі. Пры гэтым ксёндз доктар звярнуў увагу на тое, што «Марыйная духоўнасць з’яўляецца адказам на новыя сацыяльныя з’явы ў нашай краіне і ва ўсім свеце. <…> Беларуская марыйная пабожнасць характарызуецца вялікай дынамічнасцю і заключае ў сабе тэалагічныя і душпастырскія каштоўнасці, а менавіта: супольнае перажыванне веры, надзвычай багатую сімволіку, глыбокую ўкаранёнасць у свядомасці вернікаў.

Не будзе перабольшаннем, калі скажу, што Касцёл у Беларусі можа прапанаваць Еўропе і свету вялікі скарб марыйнага культу і пабожнасці», — лічыць даследчык.

Разам з тым святар заўважыў, што народная пабожнасць тоіць у сабе і пэўную небяспеку. «Гэта павярхоўныя адносіны да веры, абрадавасць, прывязанасць да знешніх жэстаў і нават элементы забабонаў і магіі. Сакрамэнты, асабліва хрост і Першая святая Камунія, вельмі часта з’яўляюцца не столькі выразам веры, колькі адлюстраваннем пэўнага грамадскага парадку. Гэта вядзе да разыходжання шляхоў веры, якая выражаецца знешне, і маральнага жыцця, якое кіруецца іншымі законамі», — адзначыў дакладчык. Таму, на яго думку, народная пабожнасць патрабуе пастаяннай евангелізацыі. У якасці прыкладу такой евангелізацыі душпастыр бачыць паломніцкі рух, асабліва пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый у Будславе.

«Гэты агульнанародны паломніцкі рух стаў адной вялікай евангелізацыяй, рэкалекцыямі ў дарозе, часам братняга служэння, асяроддзем хрысціянскай метаноі (унутранай перамены), формай сведчання пра Хрыста, вызнаннем веры, апостальствам і падарожжам у цэнтр Евангелля. Такой евангелізацыі чакаюць іншыя формы марыйнай пабожнасці», — зрабіў выснову ксёндз Уладзімір Гуляй.

Айцец Юрый Кулай OCD

Айцец Юрый Кулай, кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, прадставіў трэці даклад на канферэнцыі.

У сваім паведамленні ён пазнаёміў прысутных з дзейнасць ордэна кармэлітаў у Бялынічах, дзе ім належаў кляштар і касцёл, дзе захоўвалася цудатворная ікона.

Завяршыў канферэнцыю ў Бялынічах даклад на тэму «Культ Маці Божай Бялыніцкай і каранацыя абраза», які прадставіў гісторык і архівіст прафесар Зміцер Яцкевіч.

Прафесар Зміцер Яцкевіч

Абноўлена 19.09.2021 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця