Пошук

20.11.2023 18:18   Фота: Юлія Ніцэвіч / Catholic.by

18 лістапада арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у адмысловай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя заснавання Духоўнай семінарыі «Марыя Каралева апосталаў»у Санкт-Пецярбургу (Расія).

Заслужаны іерарх выступіў з рэфератам, у якім як заснавальнік гэтай духоўнай научальнай установы прадставіў яе гісторыю і заданні, якія перад ёй стаяць. У сваім выступе арцыбіскуп нагадаў, што гістарычная семінарыя на берагах Нявы была заснаваная ў 1879 годзе.

«Тады за амаль 40 гадоў свайго існавання яна падрыхтавала каля 700 святароў. На жаль, у 1918 годзе семінарыя была закрытая і здавалася, што яе дзейнасць ніколі не адновіцца.

Божы Провід дазволіў у 1993 годзе адкрыць каталіцкую семінарыю ў Маскве, што стала эпахальнай падзеяй і „духоўнай рэвалюцыяй“ у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі, дзе з’явілася свая кузня духоўных кадраў.

У сувязі з гэтым Папа Ян Павел ІІ сказаў, што схаваная ў часы ганенняў падземная рака веры вырвалася наверх і семінарысты з’яўляюцца першымі пладамі вясны Касцёла ў Расіі. У 1995 годзе семінарыя была пераведзена ў гістарычны семінарыйны будынак у Санкт-Пецярбургу», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што значным момантам у жыцці семінарыі і Каталіцкага Касцёла ў Расіі стала пасвячэнне першых святароў ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа 23 мая 1999 года.

«У жывы арганізм Касцёла пацякла „новая кроў“ у абліччы мясцовых святароў», — вобразна выказаўся іерарх, які з 1991 па 2007 год нёс пастырскае служэнне ў Расіі..

Арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што за 30 гадоў існавання семінарыя прайшла заўважны шлях. Яна афіліявана пры Папскім Латэранскім універсітэце, што дае яе выпускнікам магчымасць атрымаць навуковую ступень бакалаўра тэалогіі. Міністэрства адукацыі Расійскай Федэрацыі надало семінарыі ліцэнзію на дадатковую прафесійную рэлігійную адукацыю. На базе семінарыі дзейнічае Тэалагічны інстытут святога Яна Залатавуснага. Выдаецца тэалагічны часопіс Folia Petropolitana. Бібліятэкай карыстаюцца семінарысты і ўсе, хто цікавіцца каталіцкай тэалогіяй і філасофіяй. Фармацыю ў семінарыі таксама праходзяць і кандыдаты ў пастаянныя дыяканы.

«Кансэкраваныя і свецкія асобы маюць магчымасць атрымаць вышэйшую тэалагічную адукацыю, што вельмі важна для фармавання каталіцкай эліты», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Віншуючы адзіную ў Расіі каталіцкую духоўную семінарыю з круглай гадавінай існавання, арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў, каб «сэрца Касцёла ў Расіі ніколі не цярпела на арытмію і сардэчную недастаковасць; каб ніколі не астыла кузня духоўных кадраў і каб павялічвалася колькасць пакліканняў».

У той жа дзень 18 лістапада арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры семінарыі.

У гаміліі іерарх з Беларусі падкрэсліў, што семінарыя — гэта не проста будынак і сцены, але жывыя людзі, якія прыйшлі туды па закліку Хрыста і хочуць рэалізаваць Яго збаўчы план у сучасным свеце.

«Сэрцы семінарыстаў з’яўляюцца глебай, на якой ажыццяўляецца сяўба зерня Божага паклікання. Семінарыя — гэта спрыяльны час, каб фармаваць у семінарысце святарскі вобраз Хрыста», — зазначыў арцыпастыр.

Ён падкрэсліў неабходнасць вывучэння Божага слова і разважання над ім, сакрамэнту пакаяння, Эўхарыстыі, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвы і справаў міласэрнасці ў працэсе фармацыі будучых святароў.

«Вернікі Расіі чакаюць новых святароў. Ім патрэбныя духоўныя лекары, каб аблегчыць боль духоўнага жыцця і супрацьстаяць злу гэтага свету. Патрэбныя духоўныя дыетолагі, каб адрозніваць здаровую духоўную ежу ад таксічнай. Патрэбныя духоўныя рэабілітолагі, бо хто з нас не паранены? Патрэбныя духоўныя настаўнікі. Гэта мэта семінарыі, якая пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі», — завяршыў гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 21.11.2023 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.