Пошук

21.11.2023 12:46   Фота: Юлія Ніцэвіч / Catholic.by

Сваё прабыванне ў Санкт-Пецярбургу (Расія) арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў у нядзелю 19 лістапада святой Імшой, якую цэлебраваў ў касцёле Маці Божай Люрдскай.

Заслужаны беларускі іерарх знаходзіўся ў горадзе на Няве з 16 па 19 лістапада па запрашэнні расійскага каталіцкага епіскапату. У Санкт-Пецярбургу ён узяў удзел у распачаціі новага акадэмічнага года ў заснаванай ім духоўнай семінарыі, а таксама ў святкаванні 30-годдзя служэння сясцёр францішканак місіянерак Марыі ў Расіі. 18 лістапада арцыбіскуп Кандрусевіч прысутнічаў на адмысловай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя заснавання Духоўнай семінарыі «Марыя Каралева апосталаў» у Санкт-Пецярбургу.

Апошнім пунктам яго візіту ў горадзе на Няве стала цэлебрацыя нядзельнай Эўхарыстыі ў касцёле Маці Божай Люрдскай.

У гаміліі, зыходзячы з евангельскай прыпавесці пра таланты, іерарх прапанаваў вернікам паразважаць над тым, як мы выкарыстоўваем дары, якімі нас адорвае Бог.

«Хоць Бог надзяляе людзей рознымі талантамі, тым не менш Ён абяцае ўсім аднолькавую ўзнагароду: радасць вечнага шчасця. Таму Бог нас не крыўдзіць і мы ўсе роўныя ў Яго вачах.

Мы павінны памятаць, што Божыя дары не з’яўляюцца нашай, але Божай уласнасцю, і таму павінны распараджацца імі згодна з Яго воляй. Гэта галоўны пасыл сённяшняга Евангелля», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што «Божыя таланты — гэта не толькі дар, але і заданне».

«Мы не можам быць пасіўнымі ў іх выкарыстанні. Яны павінны працаваць і прыносіць плён, бо толькі тады напрыканцы нашага зямнога пілігрымавання мы пачуем словы Хрыста: „Слуга верны, увайдзі ў радасць твайго Пана!“» — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця