Пошук

07.06.2023 16:16   Фота: Эўгеніюш Мартыновіч / Catholic.by

Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 240-годдзя ўстанаўлення Магілёўскай Мітраполіі і 150-годдзя пасвячэння пракатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, якія праходзілі ў горадзе на Няве з 2 па 4 чэрвеня.

У межах святкавання адбываліся ўрачыстыя цэлебрацыі, рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы, а таксама прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гістарычным падзеям.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, які знаходзіўся на пасадзе Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта з 2007 па 2021 год, выступіў з дакладам на тэму: «Мітрапаліт Сестранцэвіч-Богуш і ўстанаўленне Магілёўскай Мітраполіі». У ім іерарх з Беларусі разгледзеў няпростую і заблытаную сітуацыю, у якой узнікла гэтая струткура Каталіцкага Касцёла на землях тагачаснай расійскай імперыі. Складанасць, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, заключалася перадусім у тым, што царыца Кацярына ІІ стварыла яе па ўласным распараджэнні, без узгаднення са Святым Пасадам.

Тым не менш, сітуацыя патрабавала вырашэння, і каб не пакінуць у нявызначанасці вялікую колькасць каталіцкіх вернікаў на акупаваных Расіяй землях, у 1783 годзе Папа Пій VI устанавіў Магілёўскую Мітраполію, а біскупа Сестранцэвіча прызначыў яе першым Мітрапалітам.

Заслужаны беларускі іерарх адзначыў, што той праявіў сябе як мудры кіраўнік і таленавіты дыпламат, які адрадзіў і ўмацаваў Каталіцкі Касцёл на землях імперыі: заснаваў духоўную семінарыю, выдаваў гаміліі для святароў, прычыніўся да рэформы манаскіх супольнасцяў, засноўваў школы і дабрачынныя арганізацыі, спрыяў дзейнасці Віленскага ўніверсытэта, заснаваў тыпаграфію, займаўся даследаваннямі гуманітарных праблем, напісаў шэраг гісторыка-краязнаўчых нарысаў і кніг, склаў слоўнік беларускай мовы.

«Бог мог знайсці шмат спосабаў рашэння наспелай праблемы ўстанаўлення іерархічных структур Касцёла у расійскай імперыі, але для гэтага Ён „скарастаўся“ амбіцыямі свецкага манарха — імператрыцы Кацярыны ІІ», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што важную ролю ў гэтым адыграў Мітрапаліт Сестранцэвіч.

Урачыстасці ў Санкт-Пецярбургу завяршыліся 4 чэрвеня святой Імшой у пракатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх нагадаў асноўныя падзеі з гісторыі святыні, якая была няпростай. У часы ганенняў у касцёле размяшчаліся розныя ўстановы і майстэрні. Улады Санкт-Пецярбурга з разуменнем паставіліся да просьбы католікаў і перадалі парафіяльнай супольнасці святыню і канструкцыйна злучаны з ёй будынак духоўнай семінарыі.

«Паўторнае пасвячэнне касцёла стала святам для ўсіх католікаў горада. Акрамя шматлікіх святароў, вернікаў, прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы, у ім узяў удзел тагачасны губернатар горада на Няве», — прыгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён прызнаўся, з якім хваляваннем здзяйсняў абрад паўторнага пасвячэння касцёла.

У яго думках былі ў той момант не толькі біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія маліліся ў гэтым касцёле, але і святары, якія праходзілі фармацыю ў Пецярбуржскай семінарыі і набіраліся духоўных сіл у пракатэдры, каб у часы ганенняў мужна сведчыць пра веру, нават да мучаніцтва.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў пракатэдральнаму касцёлу ў Санкт-Пецярбургу назаўжды заставацца домам Бога і брамай неба, каб сучасныя людзі ў ім з верай шукалі і знаходзілі Езуса.

 

Абноўлена 09.06.2023 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.