Пошук

12.10.2021 10:54   Кс. Дзмітрый Пухальскі / Catholic.by

9–10 кастрычніка ў Навасібірску адбыліся ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі: «30 лет свободы вероисповедания в России 1991–2021». У іх узялі ўдзел арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў Расійскай Федэрацыі, і канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

На пачатку ўрачыстасцяў па ініцыятыве ардынарыя дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску біскупа Іосіфа Верта адбылася сустрэча прадстаўнікоў розных рэлігій і канфесій, якія нясуць служэнне ў Сібіры, і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Усе прысутныя звярнулі ўвагу на цёплую атмасферу, якая пануе ў міжрэлігійных і міжканфесійных адносінах ў рэгіёне.

У межах урачыстасцяў адбылося адкрыццё адмысловай выставы, прысвечанай адраджэнню структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі, на якой былі прадстаўлены фатаграфіі і біяграфіі людзей, якія мелі дачыненне да адраджэння структур Касцёла на расійскай зямлі. Ва ўступным слове біскуп Верт сказаў, што пры святкаванні такіх значных падзей у гісторыі расійскага Касцёла найважнейшымі заўсёды з’яўляюцца простыя людзі.

Кульмінацыяй святкавання стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі, ардынарый архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве арцыбіскуп Павел Пэццы.

Гамілію прамовіў ардынарый дыяцэзіі святога Клімэнта ў Саратаве біскуп Клеменс Піккель. Ён засяродзіўся на евангельсмкім чытанні дня, разважаючы над тым, што сёння мы, якія з’яўляемся сведкамі адраджэння Касцёла, сапраўды з’яўляемся шчаслівым народам.

Пасля абеда распачаліся сведчанні. Сястра Дар’я Канавалава распавяла пра пакліканне сваё і сваёй сям’і да жыцця ў Каталіцкім Касцёле. Зоф’я Лыкава з Пензы ў сваім сведчанні сканцэнтравала ўвагу на нялёгкім лёсе катоалікаў, якія былі высланы з Заходняй Беларусі і Украіны ў далёкія для сябе мясціны, як цяжка ім было практыкаваць сваю веру, а таксама пра нялёгкую дарогу да храма для многіх з патомкаў беларусаў і ўкраінцаў, якіх высылалі ў далёкую Сібір.

Грэка-каталіцкі святар з Новакузнецка айцец Аляксей Бараннікаў гаварыў пра сваё простае служэнне для нешматкіліх католікаў Кузбаса, якія належаць як да лацінскага, так і да ўсходняга абраду.

Таццяна Шапашнікава з Уладзівастока расказала пра пяць пакаленняў сваёй сям’і, якія на працягу больш чым ста гадоў з’яўляюцца вернікамі ўладзівастоцкай парафіі Маці Божай.

Другі дзень святкавання распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Спецыяльны пасланнік Папы Францішка Апостальскі Нунцый у Расіі і ва Узбекістане арцыбіскуп Джаванні Д’Аньеллё. Гамілію прамовіў наш зямляк ардынарый дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч. У ёй іерарх, абапіраючыся на нядзельным фрагменце Евангелля, падкрэсліў, наколькі важным у жыці кожнага чалавека з’яўляецца выбіраць тое, што Божае, і старацца жыць па Евангеллю.

Пасля абеда з фундаментальным дакладам аб адраджэнні іерархічных структур Каталіцкага Касцёла выступіў арцыбіскуп-эмерыт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч.

Яго даклад складаўся з уступу, сямі частак і заключэння. Перад распачаццем дакладу беларускі іерарх падзякаваў усім расійскім вернікам за малітоўную падтрымку. Таксама арцыбіскуп падкрэсліў узнёслаць святкавання 30-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі і тое, што яно не адбылося ў пустыні, але мела пад сабой гістарычныя аргументы і было здзейснена з мэтай пастырскага акармлення расійскіх католікаў.

У першай частцы прадстаўлена кароткая гісторыя каталіцызму ў Расіі, якая спрыяла яго адраджэнню ў імя гістарычнай справядлівасці. Другая частка прысвечана часам ганенняў, якія знішчылі касцёльныя структуры, але дзякуючы старэйшаму пакаленню не змаглі знішчыць Касцёла як Містычнага Цела Езуса. Трэцяя частка акцэнтуе ўвагу на складаным працэсе адраджэння, чаму спрыялі грамадска-палітычныя змены 80–90-х гадоў мінулага стагоддзя ў былым Савецкім Саюзе, а таксама гістарычная роля святога Яна Паўла II і Ватыканскай дыпламатыі. У чацвёртай частцы прадстаўлены прынятыя ў фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года гістарчыныя рашэнні Яна Паўла II. Тады былі заснаваныя Апостальскія Адміністратуры для Еўрапейскай і Азіяцкай частак Расіі, Сэрэдняй Азіі і нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Пятая частка прысвечана рэакцыі Праваслаўнай Царквы, дзяржаўных уладаў і грамадства на рашэнне Апостальскага Пасаду. Праваслаўная Царква выказвала прэтэнзіі ў «каталіцкім празелітызме». Дзяржаўныя ўлады стрыманна аднесліся да рашэння Ватыкану. Грамадскасць са зразуменнем яго прыняла і лічыла рэалізацыяй правоў католікаў на вызнаванне сваёй веры.

Сустрэчы з кіраўніцтвам Праваслаўнай Царквы і тлумачэнні, што місіяй Касцёла не з’яўляецца празелітызм, а евангелізацыя, прывялі да паляпшжэння адносін.

Шостая частка прадстаўляла дзейнасць Касцёла пасля ўстанаўлення Апостальскіх Адміністратур і неабходнасць нармалізацыі касцёльных структур на ўзроўні дыяцэзій. Сёмая частка прысвечана заснаванню чатырох дыяцэзій: Архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве і дыяцэзій святога Клімэнта ў Саратаве, Перамянення Пана ў Навасібірску і святога Юзафа ў Іркуцку.

Такое рашэнне Апостальскага Пасаду прывяло да новых напружанасцяў у адносінах з Праваслаўнай Царквой, якія, дзякуй Богу, з цягам часу паменшыліся і цяпер нашыя цэрквы актыўна ўзамадзейнічаюць у справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.

У заключэнні выказваецца ўдзячнасць Богу і святому Яну Паўлу ІІ за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі і пажаданні ў новых абставінах адрынання Бога заставацца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення і голасам сумлення нацыі; мужна абвяшчаць Евангелле, якое чыніць нас духоўна свабоднымі; своечасова адказваць на выклікі часу, бараніць маральныя прынцыпы і годнасць чалавека.

Пасля дакладу беларускага арцыбіскупа выступіў дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі ў Казахстане Яўген Зінкоўскі. Ён падзяліўся гісторыяй свайго асабістага жыцця, паклікання, а таксама сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Казахстане.

Потым са сведчаннем выступіў Канстанцін Дзянісаў, вернік тамбоўскай каталіцкай парафіі. Мужчына са слязьмі на вачах на прыкладзе сваёй святыні паказаў трагедыю шматлікіх каталікіх храмаў у Расіі, якія яны перажылі ў ХХ стагоддзі.

З заключным словам выступіў арцыбіскуп Павел Пэццы, Мітрапаліт з Масквы, які падвёў вынікі двухдзённага святкавання юбілейных урачыстасцяў і заклікаў да будавання супольнасці Касцёла як умовы яго далейшага развіцця.

Абноўлена 12.10.2021 12:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа