Пошук

13.01.2025 12:42   Тэкст і фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

У нядзелю 12 студзеня, апошні дзень перыяду Божага Нараджэння, калі Касцёл адзначае свята Хросту Пана, на святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску чатырнаццаць міністрантаў атрымалі благаслаўленне на паслугу лектараў.

«Сёння мы разам будзем маліцца, каб гэтае мужчынскае служэнне, служэнне пры алтары, служэнне літургічнае, прычынілася да іх святасці. Каб яны, знаходзячыся бліжэй да алтара, сапраўды з кожным днём свайго жыцця былі бліжэй да Пана Бога, а праз гэта прыцягвалі да Бога і сваіх блізкіх, і іншых людзей», — такімі словамі распачаў святую Імшу пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

«Кожнаму ў Касцёле Бог дае сваё заданне, сваё пакліканне. І сёння праз некалькі хвілін мы будзем сведкамі рэалізацыі яшчэ аднаго паклікання, якое Касцёл дае мужчынам, якія служаць у літургічнай службе алтара. Касцёл дае ім асаблівае благаслаўленне і ласку абвяшчаць Божае Слова», — падкрэслі у прамоўленай гаміліі ксёндз Дзмітрый.

Пасля гаміліі кандыдаты ў лектары выйшлі да алтара і разам у супольнасці вызналі сваю веру ў Бога. Пасля гэтага пробашч акрапіў асвячонай вадой міністрантаў і адпаведнае паслузе лектара літургічнае адзенне — альбы. Новаўстаноўленыя лектары, апрануўшыся, па чарзе падышлі да святара і далі абяцанне годна абвяшчаць Божае слова, паклаўшы рукі на кнігу Святога Пісання.

Устанаўленне лектараў сведчыць пра важнасць Божага слова ў літургіі і ў штодзённым хрысціянскім жыцці.

Гэтая адмысловая паслуга, якая з даўніх часоў існуе ў Касцёле, з’яўляецца выразам веры ў моц слова, якое асвятляе і вядзе вернікаў да Бога. Гэтае служэнне, якое рупліва выконваецца з верай, дапамагае супольнасці глыбей перажываць таямніцу Эўхарыстыі і ўмацоўвае духоўнае жыццё парафіяльнай сям’і.

На заканчэнне Эўхарыстыі ксёндз Дзмітрый Пухальскі выказаў пажаданне, каб Божая ласка спадарожнічла новапрызначаным лектарам і ўсёй супольнасці архікатэдральнай парафіі, каб праз такія асаблівыя падзеі яна ўзрастала ў веры.

Абноўлена 13.01.2025 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа