18 лютага, у Першую нядзелю Вялікага посту, шэраг студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі паслугі лектарату і акалітату, а таксама кандыдатуру ў пасвячэнне дыяканату.
Як адзначаецца на старонцы семінарыі vdsgrodna.by, для таго, каб стаць святарамі, семінарыстам трэба прайсці пэўныя этапы фармацыі, якія дапамагаюць ім лепш усвядоміць сэнс будучага святарскага служэння.
Да гэтай падзеі семінарысты рыхтаваліся на працягу некалькіх гадоў, а непасрэднай падрыхтоўкай сталі велікапосныя рэкалекцыі.
Духоўныя практыкаванні на пачатку Вялікага посту вельмі паспрыялі падрыхтоўцы да свядомага прыняцця ўстаноўленых у Касцёле паслуг, што з’яўляюцца важнымі этапамі на шляху святарскай фармацыі.
З рук Вялікага канцлера Міждыяцэзіяльнай семінарыі, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча семінарысты трэцяга і чацвёртага курсаў атрымалі адпаведна паслугі лектарату і акалітату, а семінарысты пятага курса сталі кандыдатамі да прыняцця першай ступені сакрамэнту пасвячэння — дыяканату.
Урачысты абрад адбыўся ў семінарыйнай капліцы ў прысутнасці рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндза каноніка Віталя Вайцяхоўскага, духоўных айцоў семінарыстаў і семінарыйнай супольнасці.
Служэнне лектара — гэта чуванне пры Божым слове. Лектар можа чытаць і каментаваць Святое Пісанне ў супольнасці Касцёла, на літургічным сходзе. Акаліт — гэта той, хто верна нясе служэнне пры Хрыстовым алтары, дапамагаючы прэзбітэрам і дыяканам. Ён можа заносіць Камунію хворым, пурыфікаваць (ачышчаць) літургічнае начынне.