Пошук

20.09.2023 16:14   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

16 верасня на Імшы ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) шасцёра студэнтaў трэцяга курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі духоўнае адзенне і прынялі новыя паслугі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ва ўрачыстай Эўхарыстыі з гэтай нагоды ўзялі ўдзел мадэратары семінарыі на чале з яе рэктарам ксяндзом канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, студэнты гэтай навучальнай установы і іх блізкія.

Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх благаславіў сутаны і ўдзяліў семінарыстам паслугу лектарату.

 Трое семінарыстаў сталі лектарамі, яшчэ адзін – кандыдатам да пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату. 

У гаміліі ксёндз Алег Пятрашка, які быў духоўным айцом першага курса семінарый у Гродне і Пінску, a з нядаўняга часу з’яўляецца дырэктарам Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі, казаў пра важнасць сведчання, якое павінен даваць сваім жыццём чалавек, які носіць духоўную вопратку. Святар заклікаў семінарыстаў быць для сённяшняга свету відавочным знакам таго, што варта і нават трэба прысвячаць сваё жыццё Пану Богу.

Напрыканцы Эўхарыстыі да студэнтаў звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён выказаў радасць з нагоды гэтай урачыстасці і нагадаў семінарыстам, што сутана «застаецца важным знакам — знакам для іншых людзей, знакам для Хрыста, а таксама знакам для таго, хто яе атрымлівае і носіць».

Дарагія семінарысты, памятайце, што не само адзенне ўпрыгожвае чалавека. Сама сутана не збаўляе семінарыста ці святара. Да збаўлення вядзе адважнае сведчанне аб Хрысце адпаведным адзеннем, злучанае з правільнымі, хрысціянскімі паводзінамі, учынкамі i словамі, — нагадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Па словах іерарха, «нашэнне сутаны абавязвае да пастаяннага ўсведамлення, што, паколькі я апрануты ў яе, гэта значыць, што ад ног да галавы я ўвесь Хрыстовы».

Студэнтам, якім была ўдзелена паслуга лектарату, біскуп пажадаў, каб гэты важны этап на шляху семінарыйнай фармацыі яшчэ больш набліжаў іх да Бога і людзей, да якіх яны будуць пасланы ў недалёкай будучыні. Іерарх падкрэсліў, што святары, якія сёння патрэбныя вернікам, павінны быць людзьмі, захопленымі Богам, чалавекам і святасцю.

У святарскіх шэрагах не патрэбна наймітаў, сапсаваных людзей і кар’ерыстаў,

— падсумаваў біскуп.

Карыстаючыся нагодай, пастыр дыяцэзіі падзякаваў кіраўніцтву семінарыі, яе выкладчыкам і свецкім супрацоўнікам за штодзённае руплівае служэнне, перадачу ведаў і дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця. Бацькоў семінарыстаў біскуп заклікаў працягваць спадарожнічаць малітвай сваім сынам, на якіх Касцёл глядзіць з надзеяй.

Пасля Імшы студэнт семінарыі Павел Догель ад імя ўсіх семінарыстаў падзякаваў Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а тым, хто паспрыяў фармацыі і падрыхтоўцы семінарыстаў да гэтай падзеі, паабяцаў удзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

Ускладанне сутан з’яўляецца чарговым крокам у семінарыйнай фармацыі і знакам прыналежнасці да Касцёла. Задачай лектараў з’яўляецца абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, а таксама, чэрпаючы з Божага слова веру і адвагу, увасабляць яго ў жыццё, выконваючы штодзённыя абавязкі.

Стаць кандыдатам да дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў — значыць публічна пацвердзіць сваё пакліканне і гатоўнасць прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям. Кандыдат, які выказаў жаданне атрымаць пасвячэнне дыяканату або прэзбітэрату, ведае патрэбы Касцёла і гатовы адказаць на заклік Хрыста словамі прарока Ісаі: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8).

 

Абноўлена 20.09.2023 18:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа