Пошук

17.09.2021 15:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

17 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, распачаліся агульнабеларускія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай з нагоды 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза і на знак падзякі за 30-годдзе адраджэння касцёльных структур у Беларусі.

Напачатку прысутных удзельнікаў, якія запоўнілі залу Раённага цэнтра культуры, прывітаў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка. Ён падкрэсліў, што ўрачыстасць мае выключна рэлігійны характар, запрасіўшы распачаць яе малітвай гімну Маці Божай Бялыніцкай, у якім ёсць, між іншым, і такія радкі: «Над Магілёўскім краем сонцам ззяе надзеі знак — Бялыніцкі абраз».

Хоць гэтым разам Магілёўшчына сустрэла гасцей агульнанацыянальнай урачыстасці няветлівым надвор’ем з золкім дажджом, аднак як сонца ў гэтыя дні ў маленькай бялыніцкай капліцы ззяе старадаўні спіс цудатворнай іконы, арыгінал якой лічыцца страчаным.

Пра гэта з радасцю паведаміў удзельнікам урачыстасці Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які асаблівым чынам прывітаў сваіх братоў у біскупстве: арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які вельмі шмат зрабіў для адраджэння Касцёла ў Беларусі і культу Маці Божай Бялыніцкай, яго новапрызначанага наступніка на пасадзе Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

Іерарх між іншым адзначыў:

«У нас ёсць шмат прычын, каб падзякаваць Богу, нашай Нябеснай Маці і шматлікім людзям, як памерлым так і жывым, за распаўсюджванне і адраджэнне культу Маці Божай Бялыніцкай, а таксама за аднаўленне святым Янам Паўлам ІІ касцёльных структур у Беларусі пасля перыяду ваяўнічага атэізму і камунізму».

Біскупскі вікарый Магілёўшчыны зачытаў віншаванне ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, а таксама прывітаў братоў з Беларускай Праваслаўнай Царквы: прадстаўніка Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна айца протаіерэя Аляксандра Шымбалёва і настаяцеля бялыніцкай царквы ў гонар Іконы Маці Божай Бялыніцкай Сергія Маслава, які прадстаўляе епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія. Абодва праваслаўныя святары звярнуліся да прысутных са словам. Айцец Аляксандр паведаміў прысутным пра падрыхтоўку падручніка для вучняў 5–6 класаў «Духоўнасць і патрыятызм». Запрасіўшы прадстаўнікоў Касцёла да супрацоўніцтва ў наступных адукацыйных праектах, ён падараваў біскупам свежыя падручнікі для новага школьнага факультатыва, падрыхтаваныя аўтарскім калектывам па даручэнні Міністэрства адукацыі.

Потым са словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася Алена Дзівакова, начальнік упраўлення па працы са СМІ і моладзевай палітыцы Магілёўскага аблвыканкама, якая зачытала прывітальны адрас ад старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца.

Пасля прывітанняў распачалася канферэнцыя. Першым з дакладам на ёй выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які распавёў пра адраджэнне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Распавядаючы пра гістарычныя падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх быў сам заслужаны іерарх, ён вельмі эмацыйна ўзгадаў пра ключавыя моманты аднаўлення рэлігійнага жыцця і стварэння структур Каталіцкага Касцёла на нашых землях пасля трох пакаленняў атэістычных ганенняў.

«Беларускі Касцёл, які святкуеш 30-годдзе адраджэння сваіх іерархічных структур, не задавальняйся дасягнутым і не плёскайся на плыткім, а плыві на глыбіню, як да гэтага заклікае Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte — „Уступаючы ў новае тысячагоддзе“. Недапушчальна плёскацца на плыткім. Набходна адплысці на глыбіню, каб улоў быў багаты (пар. Лк 5, 4-6).

Маці Божая Бялыніцкая, якую сёння асаблівым чынам праслаўляем, выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку далейшага развіцця беларускага Касцёла. Святы Міхале Арханёле, наш Заступнік, абараняй яго ад уплываў згубных секулярных тэндэнцый сучаснасыці. Няхай ён, як сакрамэнт паўсюднага збаўлення (пар. LG 1.9.48; SC 5.26), мужна абвяшчае праўду Евангелля, якая робіць нас свабоднымі, а таксама бароніць веру і годнасць створанага паводле вобразу і падабенства Божага чалавека (пар. Быц 1, 27).

А ты, святы Яне Паўле ІІ, з вакна дома нябеснага Айца благаславі наш Касцёл і нашу Бацькаўшчыну, каб мы з новай надзеяй глядзелі ў будучыню», — завяршыў словамі малітвы свой даклад арцыбіскуп Кандрусевіч.

    

 

Абноўлена 19.09.2021 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.