У нядзелю 5 ліпеня з нагоды 30-й гадавіны вяртання касцёла святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) новапрэзбітэр ксёндз Павел Сідарэнка цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў адроджанай святыні.
Гэта адбылося невыпадкова: падчас навучання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску ксёндз Павел праходзіў у тутэйшай парафіі летнюю душпастырскую практыку.
Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, у гэты дзень у касцёле сабралася нямала парафіянаў са Свіра і наваколля. Яны прыйшлі падзякаваць Богу за тры дзесяцігоддзі адноўленай дзейнасці святыні, якія сталі часам, калі ахрышчаныя ў ёй пасля вяртання дзеці выраслі, ўзялі перад алтаром пабудаванага іх продкамі касцёла шлюб і сёння прыносяць сюды хрысціць сваіх дзетак.
Прадстаўнікамі новага пакалення выгадаваных пры касцёле свірчукоў былі дзяўчынкі, якія ў дубовым вянку суправаджалі новапрэзбітэра да алтара, а таксама міністрант, які служыў на Імшы.
Да прысутных у касцёле духоўна далучылася таксама шмат вернікаў у Беларусі і за мяжой, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстай прыміцыйнай Імшы з дапамогаю арганізаванай парталам Catholic.by прамой трансляцыі.
На пачатку цэлебрацыі ўсіх яе ўдзельнікаў прывітаў пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры дэкан Мядзельскі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі. Ён коратка пазнаёміў з гісторыяй святыні і супольнасці, у якой ён служыць ужо чвэрць стагоддзя.
«Сёння супольнасць каталіцкай парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры дзякуе Богу за вяртанне святыні ў 1990 годзе.
Як увесь Касцёл на нашых землях, таксама і свірская парафія ў ХХ стагоддзі перажыла цяжкія гады бязбожнага пераследу. На працягу паловы стагоддзя, з 1939 да 1990 года, дзве таталітарныя сістэмы — гітлераўскі нацызм і савецкі камунізм — намагаліся зламаць дух людзей, прыгнечаных цяжкім ярмом атэістычных ідэалогій.
Знявечаная, апаганеная святыня, паламаныя крыжы і звон з вырваным языком сталі нямымі сведкамі тых часоў, якія клічуць нас, людзей ХХІ стагоддзя, каб мы не толькі памяталі і шанавалі гэтую вялікую духоўную спадчыну, але каб усё нашае жыццё было гімнам хвалы Богу — Міласэрнаму і Усемагутнаму Валадару гісторыі», — падкрэсліў ксёндз Багуслаў.
Ён дадаў, што ксёндз Павел сваёй асобай прадстаўляе ўсіх тых семінарыстаў і дыяканаў, якія мелі свой «свірскі этап» у святарскай фармацыі, а іх за трыццаць гадоў было тут нямала.
Пробашч шчыра прывітаў новапрэзбітэра, адказнага за яго святарскую фармацыю духоўнага айца семінарыі а. Аркадзя Куляху OCD, а таксама дырэктара парталу Catholic.by кс. Аляксандра Уласа, які прамовіў на Імшы Божае слова.
Ксёндз Аляксандр звярнуў увагу на тое, што ў Каталіцкім Касцёле сакрамэнт Эўхарыстыі, які з’яўляецца цэнтрам і вяршыняй яго жыцця, цэлебруецца ў святыні выбранымі Богам людзьмі — святарамі.
«Гэта сімвалічна, што ў дзень, калі ў Свіры адзначаецца гадавіна вяртання касцёла, тут цэлебруе прыміцыйную Імшу новапрэзбітэр, які праходзіў у гэтай парафіі частку сваёй святарскай фармацыі, бо немагчыма сабе ўявіць жыцця Касцёла без святыні і без святара», — падкрэсліў дырэктар інтэрнэт-парталу Касцёла на Беларусі.
Ён заўважыў, што сярод выбраных Хрыстом апосталаў не было ніводнага будаўнічага, ніводнага архітэктара і нават ніводнага вучонага тэолага.
Ксёндз Аляксандр Улас, які сам нядаўна адзначыў 20-ю гадавіну святарскага служэння, дадаў, што заданне святара — малітваю і ўласным прыкладам будаваць Касцёл як супольнасць Божага народа, а не быць вузкім спецыялістам у розных справах, нават вельмі важных і патрэбных, таму што адзінае прызначэнне і святыні, і святара — весці людзей да збаўлення.
Напрыканцы Імшы вучаніца дзясятага класа Свірскай школы Вольга Гірдзей ад імя ўсіх вернікаў павіншавала ксяндза Паўла з пачаткам святарскага служэння, а таксама выказала словы шчырай падзякі свірскаму пробашчу ксяндзу Багуславу Маджэеўскаму за трыццаць гадоў руплівага служэння святароў Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі ў Беларусі і за вялікі ўнёсак, зроблены імі ў адраджэнне Касцёла на нашых землях.
На заканчэнне цэлебрацыі новапрэзбітэр удзяліў вернікам — прысутным у касцёле і тым, хто глядзеў Імшу з дапамогаю трансляцыі, — прыміцыйнае благаслаўленне, якое ва ўмовах пандэміі адбылося без традыцыйнага ўскладання рук.