27 мая ксёндз Аляксандр Улас адзначае 20-годдзе святарства, а першы пробашч яго роднай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ксёндз Міхал Сапель — 30-ю гадавіну з дня прэзбітэрскага пасвячэння.
Паміж двума пасвячэннямі — дзесяць гадоў, за якія цалкам змянілася аблічча нашай зямлі і мясцовага Касцёла. Вялікая заслуга ў гэтым належыць тагачаснаму Папу святому Яну Паўлу ІІ, 100-ю гадавіну з дня нараджэння якога мы нядаўна адзначалі.
Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Вакол першага ў пасляваенны час душпастыра, маладога руплівага святара Міхала Сапеля, браслаўчаніна, выпускніка Рыжскай духоўнай семінарыі, хутка сабралася сталічная каталіцкая моладзь, якая жадала маліцца на роднай мове і мела тут такую магчымасць, яшчэ рэдкую ў тыя часы.
Сярод першых залатагорскіх міністрантаў быў таксама сённяшні дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас, які ў 1992 годзе распачаў шлях духоўнай фармацыі ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў).
Той час нярэдка называюць «вясною Касцёла» на Беларусі: так спора ўзыходзілі тады парасткі паклікання ў сэрцах моладзі. Парафія на Залатой Горцы стала месцам, дзе гэтых веснавых усходаў было асабліва шмат. З гэтай сталічнай каталіцкай супольнасцю звязана нараджэнне, развіццё і рэалізацыя пакліканняў да служэння Богу ў святарстве кс. Анатоля Парахневіча, сённяшняга пробашча ў Альковічах, кс. каноніка Аляксандра Чайкоўскага, пробашча ў Наваполацку, кс. Канстанціна Каракі, пробашча ў Глуску, кс. каноніка Юрыя Быкава, пробашча ў Радашковічах, кс. каноніка Пятра Шарко, пробашча ў Нясвіжы, кс. Алега Жураўскага, пробашча ў Наваельні, а таксама біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
Супрацоўнікі парталу Catholic.by шчыра віншуюць з круглай гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння свайго кіраўніка, ксяндза Аляксандра Уласа, і разам з ім кіруюць шчырыя пажаданні Божых ласкаў праз заступніцтва Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, ксяндзу Міхалу Сапелю ў 30-ю гадавіну святарства.