Арцыбіскуп Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі падчас мерапрыемства, прымеркаванага да 100-гадовага юбілею святога Яна Паўла ІІ, сказаў, што святары і біскупы дадуць адказ у тым, ці абвяшчалі праўду, ці не занядбалі свайго служэння і ці мелі адвагу супрацьстаяць злу.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, іерарх узяў удзел у чарговай сустрэчы «Такім мы яго памятаем», арганізаванай Домам-музеем Яна Паўла ІІ у Вадавіцах. Падчас яе Мітрапаліт Львоўскі падкрэсліў, што Вялікі Папа з’яўляецца ўзорам адважнага абвяшчэння праўды.
Арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі нагадаў пры гэтым, што ўжо на пачатку свайго пантыфікату Ян Павел ІІ заклікаў: «Не бойцеся!»
«Мы бачылі, як сучасны свет адчуваў павагу да гэтага адважнага Пятра нашага часу. Мы перажылі 13 мая 1981 года, калі голас прарока нашага часу павінен быў змоўкнуць. Не ўсе хацелі чуць праўду пра сябе, пра Бога, пра сапраўдныя каштоўнасці», — адначыў іерарх.
Ён падкрэсліў, што як біскуп усведамляе, што яго служэнне павінна быць абвяшчэннем «у спрыяльны і неспрыяльны час».
«Я не магу думаць пра тое, каб падабацца людзям, бо святары і біскупы маюць абавязак і дадуць адказ у тым, ці абвяшчалі праўду, ці не занядбалі свайго служэння і ці мелі адвагу супрацьстаяць злу», — сцвердзіў арцыбіскуп Макшыцкі.
Ён зазначыў, што такі абавязак накладае апостальская місія і дадаў, што падчас пандэміі душпастыры павінны «пастаянна заклікаць, пастаянна паказваць, дзе праўда, дзе сапраўдныя каштоўнасці».
«Нягледзячы на абмежаванні, трэба ўвесь час нагадваць пра ўдасканаленне жыцця і веры, пра ўмацаванне яе праз прысутнасць у касцёле і сакрамэнтальнае жыццё, каб пандэмія не аддаліла нас ад Пана Бога, каб мы не сталі абыякавамі і вярнуліся, калі прыйдзе час», — адзначыў Мітрапаліт Львоўскі.
Сустрэча праходзіла анлайн і была працягам цыклу сустрэч пад агульнай назвай «Ян Павел ІІ. Такім мы яго памятаем», арганізаваных Домам-музеем Яна Паўла ІІ у Вадавіцах на ўшанаванне 100-годдзя з дня нараджэння Вялікага Папы.