Пошук

23.10.2020 12:03   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

22 кастрычніка ў парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Да адпусту ў год святога Яна Паўла ІІ з нагоды 100-й гадавіны з дня яго нараджэння вернікі маладой парафіяльнай супольнасці ў Смаргоні рыхтаваліся ў супольнай малітве падчас 40-гадзіннага набажэнства, якое распачалося напярэдадні. У гэтай духоўнай падрыхтоўцы ім дапамагаў дырэктар Caritas Беларусь кс. Віталій Дабраловіч, які прамаўляў Божае слова падчас набажэнстваў.

Галоўная адпустовая Імша ва ўрачыстасць святога Яна Паўла ІІ, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, адбылася ў чацвер увечары на палявым алтары перад капліцай.

Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі цэлебрацыя, у якой узяло ўдзел шмат мясцовых вернікаў і гасцей, прайшла на адкрытым паветры з захаваннем неабходных санітарных нормаў.

Больш за дзве тысячы чалавек духоўна далучыліся да святкавання з дапамогаю прамых трансляцый, якія вяліся са Смаргоні на партале Catholic.by і «Радыё Марыя».

Падчас Імшы і Эўхарыстычнай працэсіі на яе заканчэнне дзьмуў моцны вецер, падобны да таго, які падчас пахавальнай Імшы Яна Паўла ІІ на плошчы Святога Пятра гартаў старонкі адкрытага Евангелля, пакладзенага на труне Вялікага Папы. Гэты вецер — нібы павеў Духа Святога, якога Папа-славянін заклікаў сысці на зямлю і перамяніць яе аблічча.

Як падкрэсліў у прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, гэтая перамяняльная моц Духа — моц любові — дзейнічала ў жыцці Яна Паўла ІІ, дапамагаючы яму пераадольваць усе цяжкасці і ў адданым служэнні Божаму народу самому дасягнуць святасці і прывесці да збаўлення вялікую колькасць людзей.

Памяць пра гэтага выдатнага пастыра, які ўвёў Хрыстовы Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, захоўваюць і шануюць вернікі ва ўсім свеце. Памятаюць яго таксама ў Смаргоні і перадаюць гэтую памяць маладым пакаленням вернікаў. На сценах катэхетычнага класа ў парафіі, дзе дзяцей і моладзь вучыць адвечным евангельскім праўдам сястра Магдаліна Кулай OCD, змешчаны здымкі, якія адлюстроўваюць вялікі і змястоўны, узнёслы і часам трагічны жыццёвы шлях Караля Вайтылы — Яна Паўла ІІ.

З мэтаю лепшага знаёмства з жыццём і вучэннем Вялікага Папы ў парафіі праводзіўся конкурс на лепшае выкананне яго папскага гербу з розных матэрыялаў, а таксама на прадстаўленне ў малюнках або кампазіцыях аднаго з яго цікавых і разнастайных захапленняў: тэатр, паэзія, горы, байдаркі, лыжы, футбол, ровар.

Прадстаўленыя на конкурс працы, у якіх яскрава праявіліся талент і творчая фантазія смаргонскіх вернікаў, ахапілі многае з гэтага спісу. Вынікі конкурсу, у якім з вялікім энтузіязмам узялі ўдзел і дарослыя, і дзеці, былі абвешчаны на адпустовай урачыстасці.

Перамагла ў конкурсе сям’я Гружэўскіх, а галоўным прызам для пераможцы стане пілігрымка ў Рым у складзе арганізаванай групы пасля адмены звязаных з пандэміяй санітарных абмежаванняў.

 

Пасля заканчэння Імшы была разыграна парафіяльная латарэя, суперпрызам у якой стаў электрасамакат. Акрамя таго, былі разыграныя два ровары і яшчэ шмат прызоў.

Сабраныя такім чынам сродкі пойдуць на далейшае будаўніцтва парафіяльнага касцёла, які паступова расце побач з капліцай, у якой пакуль збіраюцца на малітву вернікі першай у Беларусі парафіі святога Яна Паўла ІІ.

Выйгрышныя нумары абвяшчаў пробашч парафіі ксёндз Яўген Учкуроніс, які за два гады служэння ў супольнасці добра пазнаёміўся практычна з усімі вернікамі, даручанымі яго пастырскай апецы. Руплівы святар, будуючы касцёл, перадусім будуе жывую святыню з чалавечых сэрцаў па прыкладу і з дапамогаю вялікага і святога пастыра Касцёла Яна Паўла ІІ.

Абноўлена 23.10.2020 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця