
Падчас 94-а пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі стала вядома, што па ўласнай просьбе быў звольнены з пасады шматгадовы дырэктар каталіцкага партала Catholic.by ксёндз доктар Аляксандр Улас.
Беларускія іерархі шчыра дзякуюць ксяндзу Аляксандру за шматгадовую працу па асвятленні падзей Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і за яе межамі.
Святар, абапіраючыся на дапамогу калегаў, валанцёраў і ахвярадаўцаў, прафесійна выконваў свае абавязкі, дакладна і своечасова падаючы навіны з жыцця Касцёла. Нярэдка яго можна было ўбачыць у навушніках, з фота- і відэакамерай падчас значных падзей з удзелам іерархаў і прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы.

Дзякуючы адданай працы і нястомным высілкам ксяндза Аляксандра партал увесь гэты час заставаўся месцам натхнення і падтрымкі для многіх, а святло і надзея даходзілі да сэрцаў людзей.

Каталіцкія біскупы Беларусі жадаюць ксяндзу доктару Аляксандру Уласу, каб Божая ласка надалей суправаджала яго ў святарскім служэнні і благаслаўляюць на далейшую працу на Божай ніве.
Нагадаем, што новым дырэктарам партала Catholic.by быў прызначаны ксёндз ліцэнзіят Павел Эйсмант.



