Пошук


7 красавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены з журналістамі на традыцыйнай прэс-канферэнцыі перад Велікоднымі ўрачыстасцямі.

Іерарх распавёў, як будзе арганізавана правядзенне набажэнстваў Пасхальнага трыдууму і Вялікадня ў касцёлах Беларусі ва ўмовах эпідэміі каранавірусу.

Арцыбіскуп нагадаў, што пастырская праграма 2020 г. прысвечана святому Яну Паўлу ІІ, 100-годдзе нараджэння якога адзначаецца сёлета. Гэты Папа адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прызначыў большасць біскупаў у ім. Тэмай гэтага пастырскага года з’яўляюцца словы «Адчыніце дзверы Хрысту», якія Ян Павел ІІ прамовіў 22 кастрычніка 1978 г. падчас святой Імшы на распачацце свайго пантыфікату.

Арцыбіскуп адзначыў, што, святкуючы гэты пастырскі год, «мы хочам падзякаваць Богу за вялікі дар свабоды веравызнання ў нашых краінах і іншых краінах былога Савецкага Саюза».

Іерарх дадаў, што ў межах гэтага года было арганізавана шмат мерапрыемстваў. У сувязі з пандэміяй некаторыя з іх адменены або праводзяцца ў іншым фармаце.

Сярод такіх мерапрыемстваў старшыня епіскапату назваў велікапоснае чуванне моладзі ў Мінску, запланаванае на ноч з 28 на 29 сакавіка, якое было заменена адмысловым набажэнствам з анлайн-трансляцыяй. «Так мы хацелі аб’яднаць моладзь у гэтых складаных умовах», — патлумачыў іерарх.

Агульнабеларуская пілігрымка ў Ватыкан шляхам святога Яна Паўла ІІ на святкаванне 100-годдзя яго нараджэння пераносіцца з мая на восень. Малітоўная сустрэча моладзі, якая планавалася на пачатак мая ў Маладзечне, таксама пераносіцца на пазнейшы час.

Урачыстасці ў Будславе, якія праводзяцца на пачатку ліпеня, як паведаміў арцыбіскуп, не адмяняюцца: ёсць спадзяванне, што сітуацыя з каранавірусам да гэтага часу ўнармуецца. Урачыстасці адбудуцца пад дэвізам Totus Tuus («Увесь Твой») — так гучыць дэвіз біскупскага служэння Яна Паўла ІІ, які звяртаў гэты заклік да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Таксама старшыня епіскапату паведаміў, што 16 кастрычніка, у дзень абрання Яна Паўла ІІ на Святы Пасад, будзе арганізавана спецыяльная канферэнцыя.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Касцёл на Беларусі не застаўся ўбаку ад праблемы каранавірусу і пачаў рэагаваць адным з першых.

Першае Распараджэнне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’явілася яшчэ 13 сакавіка. У цэлым за няпоўны месяц з таго часу епіскапат выпусціў тры падобныя звароты.

Іерарх нагадаў пра галоўныя моманты гэтых дакументаў і прафілактычныя санітарныя захады, якія ўводзяцца ў іх. Гэта, між іншым, тое, што ўшанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій адбываецца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання, загад не напаўняць крапільніцы ў касцёлах асвячонай вадой і растлумачыць вернікам пра неабходнасць устрымацца ад іх выкарыстання, усталяванне на ваконцах канфесіяналаў абарончага матэрыялу.

Іерарх адзначыў, што вернікам старэйшага ўзросту, людзям з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, тым, якія імі апякуюцца, і ўсім, хто адчувае страх заражэння, была ўдзелена дыспенса ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы.

Вернікі маюць магчымасць далучацца да Імшы з дапамогай анлайн-трансляцыі  на catholic.by.

Арцыбіскуп распавёў, што 21 сакавіка ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены прайшла Міжрэлігійная малітва аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу. 20-21 сакавіка была праведзена малітва «24 гадзіны для Пана».

Арцыбіскуп засяродзіў увагу на асаблівасцях святкавання Пасхальнага трыдууму і Вялікадня ў сітуацыі каранавірусу. Гэта, напрыклад, тое, што да ўдзелу ў святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер сёлета запрошаны не ўсе святары дыяцэзіі, а толькі дэканы, а таксама тыя святары, якія пажадаюць прыбыць на яе. Падчас Імшы Вячэры Пана прапускаецца абрад абмыцця ног. Падчас набажэнства Вялікай пятніцы адарацыю Крыжа пацалункам здзяйсняе толькі цэлебрант. Благаслаўленне страваў у Вялікую суботу, калі адпавядаюць умовы і надвор’е, заахвочваецца здзейсніць звонку на прылеглай да касцёла тэрыторыі.

Іерарх звярнуў таксама ўвагу на недастатковае інфармаванне з боку адказных дзяржаўных структур, адзначыў вялікія намаганні медыкаў у барацьбе з вірусам.

Затым журналісты задалі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму пытанні. Між іншым, адказваючы на пытанне пра смерць кс. каноніка Алега Дуля ў Ваўкавыску, які памёр на наступны дзень пасля свайго бацькі, іерарх адзначыў, што ў святара адарваўся тромб. Кажучы пра святара і брата законнага з Докшыц, арцыбіскуп паведаміў, што яны яшчэ знаходзяцца ў шпіталі.

Разважаючы пра тое, якой ён бачыць будучыню Касцёла пасля заканчэння пандэміі, іерарх заўважыў, што «маленькі мікраскапічны вірус паставіў на калені самыя багатыя краіны», «абвастрыў духоўныя праблемы».

Па словах арцыбіскупа, важна «нанава асэнсаваць веру, усвядоміць, што чалавек слабы», «што развіццё навукі патрэбнае, але яно павінна быць на фундаменце Евангелля, маральных норм».

Прагучала між іншым пытанне, ці прыходзіць на Імшу ў касцёл чалавеку, у якога няма сімптомаў хваробы, але які думае, што, магчыма, з’яўляецца носьбітам каранавірусу, і не хоча заразіць іншых. У адказ іерарх сказаў, што ў такім выпадку прыходзіць не трэба.

Арцыбіскуп патлумачыў, чым з’яўляецца далучэнне да святой Імшы праз анлайн-трансляцыю. Па яго словах, гэта ўдзел у ёй, але не рэальны, бо чалавек не прымае тады Цела Хрыста, а віртуальны.

Арцыпастыр падкрэсліў, што важна, каб гэта была менавіта анлайн-трансляцыя, прамое ўключэнне, а не відэазапіс Імшы.

На заканчэнне іерарх павіншаваў усіх прысутных працаўнікоў СМІ з надыходзячымі святамі, падзякаваў за дапамогу ў евангелізацыі і пажадаў, каб іх праца прынесла як мага больш плёну.

Абноўлена 08.04.2020 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.