Пошук

14.03.2020 13:16   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: pcpne.va

Папская рада па развіцці новай Евангелізацыі заклікае 20–21 сакавіка прысвяціць 24 гадзіны для Пана на каленях у адарацыі, малітве і пакаянні.

Гэтая малітоўная душпастырская ініцыятыва Папы Францішка, якая ўжо ў сёмы раз адбываецца падчас Вялікага посту, мае на мэце даць магчымасць кожнаму верніку вярнуцца ў дом Міласэрнага Айца і паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння, прыступіўшы да споведзі.

На жаль, у крызіснай сітуацыі, якая склалася ў свеце ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, у некаторых краінах, перадусім у Італіі, магчымасць наведвання святыняў абмежаваная.

Між іншым, было адменена таксама пакаяннае набажэнства з удзелам Папы Францішка, якое павінна было адбыцца ў межах «24-х гадзін для Пана» ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Там, дзе вернікі не могуць пайсці ў святыню, іх запрашаюць прысвяціць гэты час Богу ў малітве перад Укрыжаваннем у сваіх дамах.

Да ўсіх вернікаў, таксама да тых, якія маюць магчымасць удзельнічаць у малітве «24 гадзіны для Пана», Папская рада па развіцці новай Евангелізацыі кіруе заклік маліцца за Папу Францішка, біскупаў, святароў, а таксама за ўсіх тых, хто супрацьстаіць распаўсюджванню небяспечнай хваробы, і за тых, хто ад яе церпіць.

Заклік Папскай рады знайшоў водгук у Касцёле на Беларусі, дзе сітуацыя не настолькі складаная, як там, дзе з-за вірусу зачынены святыні.

У Мінску падрыхтаваны план малітвы «24 гадзіны для Пана», да якой далучацца ўсе парафіяльныя і манаскія супольнасці беларускай сталіцы.

Адарацыя і споведзь на працягу сутак будуць адбывацца ў розных каталіцкіх святынях горада ў адпаведнасці з праграмай, якую можна спампаваць ТУТ>>>

Для папскай душпастырскай ініцыятывы «24 гадзіны для Пана» былі падрыхтаваныя адпаведныя матэрыялы, якія можна выкарыстаць для правядзення набажэнствах у дыяцэзіях і парафіях.

Пасля заканчэння «24-х гадзін для Пана» ў Мінску плануецца правесці Міжрэлігійную малітву аб выбаўленні ад каранавірусу.

Яна адбудзецца ў суботу 21 сакавіка ў сталічным касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) пасля святой Імшы а 19-й гадзіне.

Узяць удзел у міжрэлігійным набажэнстве запрошаны прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай супольнасці, іншых хрысціянскіх дэнамінацый, а таксама юдэі і мусульмане.

Абноўлена 07.04.2020 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа