13–14 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай.
Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі быў асвячаны 255 гадоў таму, а дыяцэзіяльным санктуарыем з’яўляецца толькі пяць гадоў.
Падобна як і Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, ён знаходзіцца ў баку ад ажыўленых шляхоў, але не на раўніне, а на высокіх маляўнічых пагорках Астравеччыны.
Знешне ён уяўляе сабою поўную супрацьлегласць велічнай будслаўскай базыліцы, якую відаць здалёк, за некалькі кіламетраў. Гудагайскі санктуарый — гэта невялічкі драўляны касцёл, у якім захоўваецца маленькі, але вельмі шанаваны абраз Маці Божай Шкаплернай. І зноў жа, гэта зусім не выдатны твор сакральнага мастацтва, як славутая будслаўская ікона, створаная ў эпоху Адраджэння, а проста сціплы спіс Маці Божай «Замілаванне», выкананы ва ўсходняй іканапіснай традыцыі.
Дзякуючы невялікім памерам гудагайскага абраза яго падчас фэсту вымаюць з цэнтральнага алтара і змяшчаюць на пераносным ферэтроне. Таму калі ў працэсіях у Будславе і ў Тракелях носяць толькі копіі ікон, то ў Гудагаі сам цудатворны абраз з пашанаю нясуць да палявога алтара, дзе адбываюцца ўрачыстыя цэлебрацыі.
Распачаўся сёлетні фэст Маці Божай Шкаплернай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім святую Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, айцы кармэліты, святары з навакольных парафій.
У адрозненне ад Будслава і Тракеляў, у Гудагай сёлета прыбыло ўсяго дзесяць пілігрымаў: васьмёра прыехалі на роварах з Нарачы, а двое прыйшлі пешкі з Маладзечна.
Усе астатнія ўдзельнікі ўрачыстасцяў дабіраюцца сюды на сучасных транспартных сродках. Тут можна сустрэць машыны з нумарамі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Літвы, Расіі, Польшчы…
Затое апошнія дзесяць гадоў у межах урачыстасці праходзіць набажэнства Крыжовага шляху, якое нагадвае невялікую пілігрымку. Гудагайская кальварыя мае працягласць у тры з паловай кіламетры, што дае магчымасць удзельнікам набажэнства перажыць яго як духоўнае вандраванне.
Апоўначы з касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі выйшла традыцыйная працэсія са свечкамі, у якой неслі цудадзейную ікону Маці Божай Шкаплернай. Абышоўшы вакол могілак, на якіх спачываюць продкі гудагайскіх вернікаў, працэсія падышла да палявога алтара, на якім цэлебрацыю Эўхарыстычнай ахвяры ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на сувязі пакаленняў, што адыгрывае вялізную ролю ў справе захавання і перадачы веры.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, біскуп Станеўскі нагадаў, што сюды, да Маці Божай Шкаплернай, ужо не першае стагоддзе прыходзяць вернікі, каб шукаць пад Яе матчыным плашчом паратунку ад нягодаў.
Памяць пра продкаў і пакінуты імі ўзор малітвы дапамагае сёння маладым католікам не згубіцца сярод мноства шляхоў гэтага свету, а знайсці тую адзіную правільную дарогу, якая праз Марыю вядзе да Езуса.
Другі дзень сёлетніх урачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі прайшоў пад знакам 30-годдзя абвяшчэння першага ў сучаснай гісторыі Беларусі біскупа. 25 ліпеня 1989 года менавіта падчас фэсту ў Гудагаі было абвешчана, што прысутнага на ім гродзенскага ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча папа Ян Павел ІІ менаваў біскупам і Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі.
З гэтай нагоды сённяшні кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Гудагаі цэлебрацыю галоўнай урачыстай святой Імшы 14 ліпеня.
Молячыся разам з Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам і яго дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў Маці Божай за Яе дапамогу і за ўсе атрыманыя праз Яе заступніцтва ласкі.
Урачыстыя цэлебрацыі ў Гудагаі суправаджаліся прыгожымі спевамі ў выкананні хору парафіі святога Яна Паўла ІІ са Смаргоні.