Пошук

15.07.2019 12:13   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

13 ліпеня ў Гудагаі адзначылі дзесяцігоддзе з’яўлення тут незвычайнага месца культу — Кальварыі, або Крыжовага шляху на ўлонні прыроды.

Гудагайская Кальварыя зроблена на ўзор традыцыйных для нашага краю месцаў культу, прысвечаных ушанаванню Мукі Хрыста, якому спадарожнічала Яго Балесная Маці. Падобныя Кальварыі з даўніх часоў існавалі ў многіх месцах нашага краю. Дзесьці, напрыклад, у Мядзелі і ў Дубку, яны адрадзіліся, а ў іншых мясцінах, як напрыклад, у вёсцы Судзілы на Магілёўшчыне, засталіся толькі ў памяці старажылаў з апавяданняў дзядоў-прадзедаў…

Кальварыя ў Гудагаі пачынаецца непадалёк ад брамы санктуарыя, дзе з пашанай захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Шкаплернай. Тры з паловаю кіламетры ідзе Крыжовы шлях праз палі і лясы і завяршаецца на парафіяльных могілках.

Кусташ гудагайскага санктуарыя, якім апякуюцца кармэліты, айцец Казімір Мараўскі OCD, успамінае:

«Дзесяць гадоў таму біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў васямнаццаць сціплых крыжоў, якія сталі стацыямі нашай Кальварыі. Тады ж і адбылося на ёй першае набажэнства Крыжовага шляху…»

І вось праз дзесяць гадоў пасля першага набажэнства ад невялічкага драўлянага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, каля якога на фэст Маці Божай Шкаплернай сабралося мноства вернікаў, зноў распачынаецца Крыжовы шлях. Яго праводзіць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Першая стацыя — Апошняя вячэра Хрыста з апосталамі. Разважанне пра нізкасць здрады і веліч Ахвяры…

У цішыні і малітоўнай засяроджанасці пераходзяць удзельнікі набажэнства да чарговага прыпынку. Некалькі хвілін цішыні, каб даць магчымасць усім сабрацца каля крыжа.

Удзельнікаў шмат — некалькі соцень.

Ідуць і старэйшыя людзі, і зусім маленькія дзеці. Для малых гэта, хутчэй, цікавая вандроўка, чым малітва, як яе разумеюць дарослыя, але кожнаму ўзросту ўласцівы свой спосаб праслаўлення Бога і падзякі Яму за дар адкуплення. Нават сабачка, што жыве ў кляштары, суправаджаў вернікаў у малітве.

Крыжовы шлях ідзе спачатку межамі палёў, на якіх ужо калосіцца збожжа, потым уваходзіць у лес. Дарогу раз-пораз перагароджваюць вялізныя валуны, ногі часам чапляюцца за карэнне. Ісці нялёгка, асабліва пад гару, але ж Збаўцы было яшчэ цяжэй. Яго паліла бязлітаснае палестынскае сонца, пот, змяшаны з пылам, выядаў вочы, пёк раны, а мы маем палёгку ў прыемнай прахалодзе бору, напоенай водарам жывіцы.

Вось, нарэшце, і найвышэйшы пункт Крыжовага шляху — тое, што, уласна, і называецца Кальварыяй. Стацый на гудагайскай Кальварыі шаснаццаць — на дзве больш, чым звычайна, — але крыжоў усяго васямнаццаць.

Чатырнаццатая стацыя — гэта тры крыжы; на сярэднім — укрыжаваны паміж двума злачынцамі Збаўца.

Пасля кароткай малітвы і разважання кожны імкнецца падысці і ўшанаваць Крыж, як у Вялікую пятніцу.

З-за гэтага атрымліваецца даволі доўгая затрымка. На пагорку моцна пахне чабор. На захадзе крывавым колерам дагарае барвовы закат. З супрацьлеглага боку ўзышоў месяц, што ўжо набліжаецца да поўні, а пад ім трапяткім святлом ззяе Мілавіца. Мёртвае цела Хрыста здымаюць з крыжа, усё жывое замірае…

На могілках, каля апошняй стацыі, калі цела Езуса кладуць у грабніцу, усё ўжо ахінута паўзмрокам. Крыж стацыі такі самы, як і сотні падобных крыжоў над магіламі тых, хто да Другога Прыйсця Збаўцы спачыў у гэтай зямлі.

І раптам у вечаровай цішыні, калі ніякі гук не трывожыць вечны спакой спачылых, нібы голас анёла, гучаць словы: «Хрыстус жыве!»

«Хрыстус жыве, — паўтарае біскуп Юзаф Станеўскі, — Ён не застаўся ў грабніцы, дзе тры дні спачывала Яго скатаванае крыжоваю мукаю цела. „Хрыстус жыве“ — гэтыя словы сталі назваю ліста, з якім папа Францішак звяртаецца да моладзі. Моладзь — гэта жыццё Касцёла, яго сённяшні дзень.

Хрыстус жыве. Ён, вечна малады, знаходзіцца цяпер сярод нас. І тое, што вас тут сёння так шмат, пацвярджае праўдзівасць гэтых словаў».

Біскуп Станеўскі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за моладзь, у кароткім казанні на заканчэнне Крыжовага шляху ў дзесяцігоддзе гудагайскай Кальварыі заклікаў не толькі моладзь, але ўсіх удзельнікаў набажэнства, якім Хрыстус дае сапраўдную маладосць духа, чытаць і разважаць над апошнім дакументам Святога Айца з назваю, актуальнай ва ўсе часы — «Хрыстус жыве».

«Гэтыя словы даюць нам трывалую, моцную надзею. Можа, хтосьці ішоў цяпер Крыжовым шляхам і захапляўся прыгажосцю роднай прыроды; глядзеў, як наліліся каласы, і думаў, што ўжо зараз і жніво…

Так усё ў жыцці хутка мінае, і толькі Езус застаецца заўсёды той самы.

Ён дае нам надзею, поўную несмяротнасці, і тут, на гэтым месцы вечнага спачыну нашых продкаў, мы ўзносім за іх нашыя малітвы з вераю ў тое, што калісьці ўсе разам сустрэнемся ў Валадарстве Хрыста, які жыве на векі».

Духоўна ўмацаваныя, удзельнікі набажэнства завяршылі яго спевам цудоўнай малітвы «Анёл Панскі», у якой праз заступніцтва Багародзіцы прасілі вечнага жыцця для ўсіх, хто ўжо завяршыў свой шлях на гэтай зямлі.

 

Абноўлена 15.07.2019 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.