Пошук

10.07.2019 16:59   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У першую нядзелю ліпеня ў лясной капліцы ў Дубку адзначылі традыцыйны адпуст Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якую тут вось ужо 90 гадоў ушаноўваюць пад назваю «Курганскай».

Гэтая «неафіцыйная» назва засталася ў памяці мясцовых вернікаў як рэха даўняй мінуўшчыны, калі мясцовасць Дубок называлася таксама Курганамі. Тут, у лясах уздоўж берагоў Віліі, захавалася шмат старадаўніх курганоў, на адным з якіх і была пабудавана амаль стагоддзе таму драўляная капліца.

Яе асвяціў 90 гадоў таму, 6 мая 1929 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы біскуп Уладзіслаў Бандурскі са Львова пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Абраз для цэнтральнага алтара капліцы намаляваў тады прэфект Свянцянскай гімназіі ксёндз Баляслаў Грамза. На жаль, той першы абраз Маці Божай Курганскай да нашага часу не захаваўся.

Затое захавалася пабудаваная тут у міжваенны час Кальварыя Маці Божай Смуткуючай, якая складаецца з сямі стацый на ўспамін сямі смуткаў-боляў Маці Божай Балеснай. Па ёй прайшлі ўдзельнікі нядзельнай урачыстасці, якія сабраліся з усяго наваколля і нават з суседняй Літвы. Многія жыхары даўняга Віленскага краю, якія тут нарадзіліся і гадаваліся, цяпер жывуць за мяжою, але захоўваюць любоў і прывязанасць да сваіх родных мясцінаў.

Па запрашэнні ксяндза Паўла Калесніка, пробашча з Жодзішак, які духоўна апякуецца вернікамі ў Дубку, на адпуст сабраліся святары з навакольных парафій на чале з дэканам Смаргонскім кс. канонікам Леанардам Станкоўскім.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў кс. Юрый Ясевіч, святар з Беларусі, які цяпер вучыцца ў Папскім літургічным інстытуце святога Ансэльма ў Рыме. Божае слова да сабраных прамовіў вікарый парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы кс. Раман Вайцяховіч, які прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў лістападзе мінулага года. Малады святар нагадаў, што капліца, асвячаная 90 гадоў таму, сведчыць пра глыбокую марыйную пабожнасць тутэйшых вернікаў.

Гэта справядліва не толькі для католікаў з ваколіц Дубка, але таксама для ўсёй беларускай зямлі, на якой людзі з пакалення ў пакаленне аддаюць пашану Найсвяцейшай Панне Марыі, з надзеяй прыбягаючы да Яе Нястомнай Дапамогі.

Абноўлена 10.07.2019 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця