Пошук

17.09.2018 16:19   Мікола Гракаў / Фота: Алена Ніцынская / Catholic.by

16 верасня традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху на старажытнай Мядзельскай Кальварыі ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, які ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі адзінаццаці мясцовым вернікам.

Сёлета набажэнства і св. Імша сабралі рэкордную лічбу ўдзельнікаў — каля тысячы чалавек. Ганаровымі гасцямі былі прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі: намеснік пасла, першы радца Марцін Вайцяхоўскі і радца Аркадыюш Клэмбэк, адказны за кантакты са СМІ.

Вітаючы дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, які ўпершыню маліўся на гэтым святым месцы, разбураным бязбожнымі савецкімі ўладамі і адноўленым руплівасцю мясцовых вернікаў і іх духоўных апекуноў, айцоў кармэлітаў, пробашч мядзельскай парафіі а. Павел Ляліта OCD запрасіў іерарха ўзначаліць набажэнства.

«Мы ведаем Вас як чалавека, адданага служэнню Касцёлу і радаснага ў Хрысце, таму для нас гонар маліцца разам з Вамі», — адзначыў пры гэтым пробашч.

З горкі над возерам Мястра, ад касцёла Маці Божай Шкаплернай у Старым Мядзелі, працэсія з рэлігійнымі спевамі і ружанцовай малітвай прайшла да пагоркаў, на якіх пабожныя продкі сучасных мядзелцаў пабудавалі 14 капліц — стацый Крыжовага шляху. У кароткім слове перад брамай Прабачэння на пачатку набажэнства біскуп Станеўскі заклікаў удзельнікаў да малітоўнай засяроджанасці. У задуменным шэпце векавых соснаў гучалі пранікнёныя словы малітваў і разважанняў, падрыхтаваных настаяцелем супольнасці кармэлітаў у Мядзелі а. Юрыем Кулаем OCD.

Пераходзячы ад капліцы да капліцы, вернікі духоўна перажылі апошні зямны шлях Хрыста і падняліся на Кальварыю — гару Крыжоў, дзе сёлета быў пабудаваны новы палявы алтар. З благаслаўлення гэтага алтара, якое здзейсніў біскуп Юзаф Станеўскі, пад яго кіраўніцтвам распачалася цэлебрацыя ўрачыстай св. Імшы, падчас якой адзінаццаць вернікаў мядзельскай парафіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Такім чынам, на новазбудаваным алтары была ўпершыню здзейснена збаўчая ахвяра Хрыста, прынесеная Ім на алтары Крыжа, якая зноў і зноў актуалізуецца на мностве алтароў па ўсім свеце.

Іерарх, які ў беларускім епіскапаце з’яўляецца адказным за моладзь, у скіраваных да вернікаў словах перадусім звярнуўся да юнакоў і дзяўчат, якія прымалі сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Біскуп Юзаф падкрэсліў важнасць іх сведчання ў асяроддзі аднагодкаў, нагадаўшы словы папы Францішка, які заклікае веруючую моладзь «устаць з канапы» і ўласным жыццём паводле Евангелля запаліць сваіх сяброў агнём Святога Духа. Для гэтага неабходна самім перажыць сустрэчу з жывым Богам.

Як гэта можа стацца? Біскуп распавёў гісторыю аднаго маладога чалавека з Гродна, які ўжо меў сям’ю, але штодзённыя клопаты не сталі для яго перашкодаю ў пошуках Бога. Ён не пераставаў маліцца, хоць часам яму здавалася, што Бог не звяртае на яго ўвагі.

Аднойчы падчас малітвы перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдральнай базыліцы малады чалавек адчуў чыйсьці дотык. Нейкая невядомая жанчына працягвала яму… папяровую насоўку. Ён адмовіўся, бо не меў у ёй патрэбы, але жанчына настойвала. Разгарнуўшы сурвэтку, мужчына ўбачыў на ёй словы: «Бог цябе любіць». І ён зразумеў, што ў асобе гэтай невядомай жанчыны, якой ён больш не бачыў, да яго дакрануўся і прамовіў сам Бог.

На заканчэнне св. Імшы біскуп узгадаў, як аднойчы пасля ўдзеленага сакрамэнту канфірмацыі выпадкова ўбачыў, як адзін новаканфірмаваны юнак спрабаваў сцерці з чала алей хрызма. «Ну што, атрымліваецца?» — спытаўся ў яго сябра. «Не, яшчэ больш блішчыць!» — адказаў небарака.

«Не спрабуйце хаваць вашай хрысціянскай тоеснасці, не пазбаўляйцеся ад яе бляску, які ўсё роўна будзе відаць! Не бойцеся быць „белай варонай“, адмаўляючыся ад цыгарэтаў, алкаголю і іншых непатрэбстваў, якія духоўна і фізічна знішчаюць чалавека. Будзьце радаснымі сведкамі Хрыста, які збаўляе і дае сапраўднае шчасце. Ягоны святы закон напісаны не атрамантам, а Яго ўласнаю крывёю, пралітаю за нас на Крыжы», — падкрэсліў біскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля Імшы ўвазе ўдзельнікаў урачыстасці была прапанавана фотавыстава, падрыхтаваная мясцовай парафіянкай Янай Роўда, якая весела і нетрывіяльна адлюстравала жыццё мядзельскай парафіі за апошняе стагоддзе.

Абноўлена 17.09.2018 20:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.