Пошук

14.07.2019 23:28   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 ліпеня ў межах сёлетняга фэсту ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі ўзгадалі шэраг важных датаў, сярод якіх абвешчанае тут падчас такой самай урачыстасці 30 гадоў таму прызначэнне першага пасля перыяду савецкага пераследу веры біскупа для католікаў Беларусі — Тадэвуша Кандрусевіча.

Раптоўная залева стала як быццам сімвалам тых цяжкасцяў, якія доўгія дзесяцігоддзі перажываў верны народ Божы, у якога сілы зла імкнуліся забраць самы дарагі скарб — веру ў Бога і любоў да Яго святыняў.

Яны бязлітасна знішчылі структуры Касцёла ва ўсёй савецкай імперыі зла, аднак канчатковая перамога была не на іх баку.

Сёння зноў вялікія натоўпы вернікаў, у тым ліку шмат сем’яў, дзяцей і моладзі, сабраліся на маляўнічых гудагайскіх пагорках каля маленькага драўлянага касцёла, дзе ўжо больш за два стагоддзі ўшаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Шкаплернай.

Нягледзячы на тое, што цяпер арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перажывае перыяд рэабілітацыі пасля складанай аперацыі на хрыбетніку, ён асабіста ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, што стала кульмінацыйным момантам сёлетняга фэсту.

На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ўсіх удзельнікаў, сярод якіх былі біскуп Юзаф Станеўскі, духавенства, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі, сардэчна прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. З юбілеем біскупскага прызначэння Тадэвуша Кандрусевіча павіншавалі мясцовыя вернікі.

Ва ўступным слове да літургіі арцыбіскуп Кандрусевіч цёпла падзякаваў кусташу айцу Казіміру Мараўскаму OCD і ўсім айцам кармэлітам, якія апякуюцца гудагайскім санктуарыем, за запрашэнне, а таксама ўсім тым, хто падтрымлівае яго сваёй малітвай у складаны час пасляаперацыйнай рэабілітацыі.

Іерарх нагадаў, што сёлета прыпадае некалькі важных дат у гісторыі гэтага святога месца: 255-годдзе кансэкрацыі гудагайскай святыні, 10-годдзе асвячэння тут кальварыі, а таксама пятая гадавіна абвяшчэння касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі дыяцэзіяльным санктуарыем.

«Да гэтых датаў далучаецца 30-годдзе абвяшчэння першага прызначанага біскупа ў сучаснай гісторыі Беларусі», — дадаў арцыбіскуп.

У прамоўленым падчас Эўхарыстыі Божым слове арцыпастыр засяродзіў увагу на Найсвяцейшай Панне Марыі і Яе апецы над вернікамі, якая праяўляецца ў кульце святога шкаплера.

«Шкаплер складаецца з двух злучаных паміж сабою кавалкаў палатна, якія носяцца на грудзях і плячах. Гэта вельмі сімвалічна. <…>

Вораг можа нападаць не толькі спераду, але і ззаду, што вельмі важна памятаць, калі мы гаворым пра духоўнага ворага»,

— падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

З яўным ворагам, які нападаў адкрыта, іерарх параўнаў савецкія ганенні на веру і Касцёл. Аднак у наш час духоўны вораг змяніў тактыку і імкнецца непрыкметна адрываць людзей ад Бога прапагандай бездухоўнага стылю жыцця.

«Шкаплер нагадвае нам пра тое, што мы не пакінуты ў такой небяспечнай сітуацыі. Падараваны чалавецтву Марый яшчэ ў ХІІІ стагоддзі, шкаплер <…> актуальны і ў нашыя часы, калі адбываецца жорсткая барацьба дабра са злом. Шкаплер — гэта знак таго, што Марыя з намі», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Узгадаўшы падзеі трыццацігадовай даўніны, ён зазначыў, што тры пакаленні Касцёл на Беларусі пераследаваўся.

«Не было біскупа і семінарыі. Колькасць святароў з кожным годам змяншалася. Кансэкраванае жыццё амаль што не існавала. Шмат касцёлаў і кляштараў было ператворана ў фабрыкі і клубы або разбурана. Аднак апека Божай Маці была з намі. <…> Людзі прасілі дапамогі Марыі ў Будславе, Гудагаі, Вострай Браме і ў іншых месцах Яе праслаўлення на нашай зямлі», — адзначыў іерарх.

Ён перакананы, што менавіта праз заступніцтва Марыі ў знявечанай атэізмам краіне адбыўся цуд, у выніку якога Касцёл на Беларусі адрадзіўся.

«У сувязі з гэтым гудагайскі касцёл таксама ўвайшоў у гісторыю. Менавіта тут 30 гадоў таму 25 ліпеня 1989 года было абвешчана аб прызначэнні першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа.

Святой памяці ксёндз пралат Міхал Арановіч выйшаў да алтара і ўрачыста сказаў: Annuntio vobis gaudium magnum: habemus episcopum! — „Абвяшчаю вам вялікую радасць: маем біскупа!“ — і назваў маё імя».

У гэты момант, як і ў той далёкі дзень 30 гадоў таму, на вачах арцыбіскупа і многіх вернікаў зноў заблішчалі слёзы радасці. А з неба гэтая радасць свяціла лагодным летнім сонейкам, што праглядала пра рэдкія хмары.

Перамогшы хваляванне, арцыбіскуп Кандрусевіч працягваў:

«Сёння дзякую Божаму Провіду за тое, што менавіта тут, ля падножжа Божай Маці Шкаплернай, было абвешчана пра прызначэнне мяне біскупам. Слова Гудагай мае літоўскае паходжанне: Гудас азначае „беларус“, а гай — гэта малады лес. Такім чынам Божы Провід здзейсніў, што ў гэтым „маладым беларускім лесе“ распачаўся працэс адраджэння Касцёла на Беларусі.

Як вядома, адна з уласцівасцяў лесу — ачышчэнне паветра і насычэнне яго кіслародам. Сёння праз 30 гадоў мы бачым ужо не малады, а сталы лес беларускага Касцёла, які сваім служэннем ачышчае духоўнае паветра нашай краіны і насычае яго духоўным кіслародам», — сцвердзіў кіраўнік каталіцкага епіскапату нашай краіны.

«Пасля 30-і гадоў біскупскага служэння спачатку на Беларусі, потым у Расіі і цяпер зноў на Радзіме я дзякую Богу за ўсе ласкі, якія атрымаў за гэты час, і Найсвяцейшай Панне Марыі за Яе асаблівую апеку і абарону.

Ва ўсіх складанасцях я найперш звяртаўся да Яе і Яна ніколі не пакінула мяне без дапамогі», — падзяліўся сваім асабістым духоўным вопытам арцыпастыр.

Ён завяршыў гамілію кароткай малітоўнай просьбай, скіраванай да Маці Божай Шкаплернай, чый цудатворны абраз знаходзіўся каля алтара:

«Ахінай мяне плашчом свайго шкаплера, каб я мог дзейсна бараніць беларускі Касцёл ад бачных і нябачных ворагаў, мужна вёў яго па бурлівых хвалях акіяну ХХІ стагоддзя і быў добрым самаранінам у служэнні Бацькаўшчыне».

Невялікі дожджык, як знак Божага благаслаўлення з вышыняў, акрапіў удзельнікаў урачыстасці на заканчэнне святой Імшы, у якой бралі ўдзел таксама прадстаўнікі раённых і мясцовых уладаў.

Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла ў кароткай шчырай прамове адзначыў паспяховае і канструктыўнае супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла на раённым узроўні, а таксама выказаў словы віншавання з вялікім святам арцыбіскупу Кандрусевічу і ўсім прысутным вернікам.

Абноўлена 15.07.2019 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця