Да ўрачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай застаецца ўсяго дзесяць дзён, і мы скіраваліся ў Нацыянальны санктуарый, каб на месцы паглядзець, як ідуць апошнія прыгатаванні да фэсту, што распачнецца 5 ліпеня.
Штаб, жаўнеры і ўзнагароды
Перш за ўсё, звяртае на сябе ўвагу бурная дзейнасць «штабу падрыхтоўкі». «Галава» у ім, як і належыць, — новапрызначаны будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік, які ўпершыню рыхтуе фэст у гэтай якасці. Сястра Таццяна Стасюкевіч, назарэтанка — «шыя», якая скіроўвае позірк «галавы» у розныя кірункі. «Рукі і ногі» — старшыня касцёльнага камітэту Ян Пятроўскі, якому вопыту ў гэтай справе не займаць, а «сувязны» — кс. Аўгуст Калясінскі, вікарый будслаўскай парафіі, стваральнік і распрацоўшчык абноўленай інтэрнэт-старонкі Нацыянальнага санктуарыя, дзе можна знайсці ўсю патрэбную інфармацыю.
Як адбываецца ўзаемадзеянне паміж рознымі часткамі? — У цэлым, прадуктыўна, хоць часам абстаноўка накаляецца, як у сапраўдным баявым штабе.
«На вайне як на вайне», — жартуе ксёндз Аўгуст.
Будслаўскі «штаб» вызначае «баявыя заданні» для цэлага войска «жаўнераў» — мясцовых жыхароў, большасць з якіх так ці інакш задзейнічана ў падрыхтоўцы да свята.
Як сапраўдныя патрыёты, а не найміты, усе, хто працуе пры падрыхтоўцы ўрачыстасцяў, могуць за дзень працы атрымаць не заробак, а «баявую ўзнагароду».
Яе ролю выконвае прыгожы мастацкі выраб — драўляны магніцік з выяваю Будслаўскага санктуарыя на фоне блакітнага неба і абрысу Беларусі. Вядома, такая ўзнагарода ўпрыгожыць не грудзі «ветэрана», а яго лядоўню. Падчас фэсту набыць такія прыгожыя сувеніры з Будслава змогуць усе жадаючыя.
Акрамя таго, «камандзір» сам рупліва працуе на сваім «пасту». Узяць хоць бы выраб васковых «ватыўных свечак», у якім пробашч бярэ непасрэдны ўдзел, і гэта яшчэ далёка не ўсё, да чаго ён у гэтыя дні прыкладае галаву і рукі. Пры гэтым на першым месцы заўсёды застаецца малітва — інакш усе намаганні будуць марнымі.
Падрыхтоўка «плацдарму»
Перадусім «штабу» неабходна паклапаціцца пра «плацдарм» будучых дзеянняў, а менавіта пра пляцоўку, на якой змогуць праходзіць урачыстыя цэлебрацыі з удзелам дзясяткаў тысяч гасцей і пілігрымаў.
Колькі іх усяго чакаюць сёлета? — «Шмат», — адрывіста і даволі абстрактна адказвае пробашч, хоць з падрыхтоўкі відаць, што разлічаюць прыняць тысяч 25 і нават больш.
Дзеля гэтага загадзя было абкошана больш за шэсць гектараў поля каля базылікі, а таксама спілавана некалькі старых дрэваў у месцах, дзе яны пры падзенні маглі б прычыніць шкоду людзям. Вядома, што на пачатку ліпеня у Будславе часта здараюцца навальніцы з моцным ветрам, таму з улікам гэтага вопыту не лішне паклапаціцца пра бяспеку і нават крышачку перастрахавацца.
Найбольш адказная частка — падрыхтоўка палявога алтара, на якім падчас фэсту разгортваюцца асноўныя літургічныя дзеянні. Яго зборка адбываецца пад пастаянным асабістым кантролем і пры непасрэдным удзеле Яна Пятроўскага. Ён як дасведчаны і спрактыкаваны кіраўнік распараджаецца зборкай платформы, што складаецца з васямнаццаці асобных металічных фермаў.
«Калісьці ад фэсту да фэсту іх захоўвалі ў крыпце — падзямеллі пад базылікай, адкуль даставаць фермы, а потым зноў іх складаць было значна цяжэй. Цяпер месцам захавання металічных канструкцый стаў стары калгасны гараж, адкуль у некалькі рэйсаў на трактары можна перавезці ўсе часткі», — распавядае спадар Ян.
Ён добра памятае, як у 2013 годзе моцная навальніца за секунды «склала» падрыхтаваны алтар разам з дэкарацыяй перад самым пачаткам урачыстасцяў.
З улікам таго горкага вопыту канструкцыі цяпер выкарыстоўваюць толькі свае, надзейныя і выпрабаваныя. Пасля зборкі іх чысцяць і падфарбоўваюць. Апошнім «штрыхом» стане тэматычная дэкарацыя, выгляд якой пакуль трымаюць у сакрэце.
Матэрыяльная частка
Каб прыняць такую колькасць людзей, якая ў дзясяткі разоў перавышае лічбу мясцовых жыхароў, трэба добра паламаць галаву над тым, як забяспечыць усе іх патрэбы, перадусім натуральныя.
Хоць у Будслаў едуць у першую чаргу за духоўным спажыткам, аднак і хлеб штодзённы спатрэбіцца тут у вялікіх колькасцях.
Нават славутай гасціннасці будслаўскіх вернікаў не хопіць, каб накарміць усіх галодных. Традыцыйна ў гэтым дапамагаюць прадпрымальнікі з наваколля. Маем надзею, што і сёлета шашлыкоў, ілаўскіх прысмакаў, бліноў, квасу і капуцынскай кавы з печывам хопіць на ўсіх жадаючых. Дарэчы, па рашэнні касцёльнай улады, удзельнікі фэсту вызвалены ад абавязку устрымання ад мясных страваў у пятніцу.
Пра належныя гігіенічныя ўмовы тут таксама паклапаціліся. У распараджэнні ўдзельнікаў фэсту будзе 26 новых асобных туалетных кабінак і яшчэ дзесяць спецыяльна абсталяваных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Побач размесцяцца палявыя рукамыйнікі, як і ў папярэднія гады.
У век высокіх тэхналогій патрэба ў электронных прыладах таксама становіцца даволі надзённай. Ужо не першы год падчас фэсту адзін з беларускіх аператараў мабільнай сувязі (якога мы не называем, каб не рабіць рэкламу) размяшчае ў мястэчку дадатковае абсталяванне, што дазваляе пазбегнуць «тэлефоннага калапсу» і забяспечыць сувяззю вялікую колькасць людзей, сабраных у адным месцы. Яго прыклад сёлета збіраюцца пераняць і прадстаўнікі другога папулярнага аператара мабільнай сувязі.
Таксама сёлета ў Будславе па-новаму будзе арганізавана відэатрансляцыя ўрачыстасці.
Замест аднаго вялікага экрана тут усталююць два: меншых па памерах, але лепшых па якасці.
Адзін з іх будзе размешчаны як звычайна, а другі — пры ўваходзе ў базыліку, каб сабраныя на плошчы перад святыняй удзельнікі ўрачыстасці маглі добра бачыць тое, што адбываецца на палявым алтары.
Раскватараванне і абмундзіраванне
Вядома, у невялікім мястэчку немагчыма рассяліць па дамах усіх пілігрымаў і гасцей урачыстасці, большасць з якіх праводзіць тут каля сутак і патрабуе хоць некалькі гадзін сну. Адкрыты нядаўна ў Будславе «Дом пілігрыма», а таксама гасцінна адчыненыя дамы мясцовых жыхароў — гэта падчас фэсту ўсяго толькі маленькая кропля ў вялізным моры.
Акрамя пілігрымаў, большасць з якіх усталёваецца на час фэсту ў намётавым гарадку на старым аэрадроме, у Будславе неабходна размясціць на начлег духавенства і цэлы шэраг людзей, якія «абслугоўваюць» урачыстасці, пачынаючы ад літургічнай службы алтара і сканчваючы супрацоўнікамі парталу Catholic.by. Гасцявыя пакоі для іх загадзя падрыхтавалі ў парафіяльным доме працавітыя будслаўскія дзяўчаты.
Хлопцы, звярніце увагу: на даскатэцы ў клубе наўрад ці знойдзеш добрую будучую жонку, а вось у атмасферы, прасякнутай малітвай і працай — акурат.
Вядома, гэтая заўвага не датычыцца духоўных асобаў, якіх на ўрачыстасці ў Будславе збярэцца не адна сотня. Але святочных залацістых арнатаў тут толькі сто, бо не ўсе прысутныя святары адначасова ўдзельнічаюць у канцэлебрацыі. Многія з іх і падчас святых Імшаў застаюцца ў канфесіяналах у базыліцы і на адкрытым паветры, таму што жадаючых прыступіць да споведзі ў Будславе заўсёды вельмі шмат.
Але і сто арнатаў, а да таго ж некалькі дзясяткаў альбаў памыць і папрасаваць перад фэстам — справа нялёгкая, што патрабуе часу і працы. І з усім гэтым спраўляецца сястра Вольга Данькоўская, назарэтанка.
Сціплая сястра Вольга за гады свайго служэння пры Нацыянальным санктуарыі пазнаёміла з Будславам не адну тысячу турыстаў, якія прыбываюць сюды круглы год.
Вядома, «прыхарошваецца» да свята і сама прыгажуня-базыліка.
Падрыхтоўка да ўрачыстасцяў — гэта тая скрытая пад вадою, нябачная для большасці ўдзельнікаў частка вялізнага «айсбергу», з якім можна параўнаць фэст Маці Божай Будслаўскай, унесены нядаўна ЮНЕСКА у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. І ад таго, наколькі гэтая «падводная» частка будзе паспяховай, залежыць тое, наколькі ўдала пройдзе само свята, якога цэлы год так чакаюць вернікі ва ўсёй Беларусі.