Удзельнікаў сёлетніх урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 5–6 ліпеня, чакае сюрпрыз: тут можна будзе набыць свечкі з чыстага воску ў выглядзе ватыўных сэрцаў.
Рэч у тым, што калісьці ў Будславе вялікай папулярнасцю карысталіся розныя васковыя фігуркі, якія з’яўляліся неад’емным атрыбутам тутэйшых фэстаў. Ідэя адрадзіць гэты забыты звычай узнікла ў Яўгена Апанасевіча, вядомага сталічнага гіда, ураджэнца будслаўскай парафіі. Апісанне таго, як гэта выглядала 100 гадоў таму, знайшоў краязнаўца Кастусь Шыталь.
Гэтыя ўнікальныя звесткі пададзены ў «Весніку віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва», які з 1907 г. з’яўляўся неафіцыйнай часткай «Літоўскіх епархіяльных ведамасцяў». У адным з нумароў гэтага часопіса за 1912 г. быў апісаны звычай ахвяравання ватыўных васковых фігурак.
«Звяртае на сябе ўвагу асаблівы, мала каму вядомы від гандлю рэлігійнымі амулетамі ў выглядзе васковых дутых фігурак мужчыны, жанчыны, дзіцяці, органаў чалавечага цела, буйной і дробнай скаціны.
Мужчыны і жанчыны, якія церпяць ад розных хваробаў, у якіх паміраюць дзеці, не вядзецца скаціна, ахвотна купляюць гэтыя сімвалы і з малітваю на вуснах прыносяць у дар да падножжа іконы Маці Божай».
Што потым адбывалася з ахвяраванымі васковымі фігуркамі, ў «Весніку» нічога не сказана, але можна здагадацца, што воск ішоў на выраб свечак, якія потым запальваліся ў святыні падчас набажэнстваў. Рэха такога звычаю да нядаўняга часу можна было сустрэць і ў іншых месцах даўняга Віленскага краю, калі католікі, не маючы магчымасці «ставіць свечкі», як гэта прынята ў праваслаўных цэрквах, куплялі іх і ахвяравалі ў касцёл, кладучы перад алтаром.
Будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік вырашыў адрадзіць старадаўнюю традыцыю.
Яна зноў вернецца на сёлетні фэст, толькі ўжо не ў выглядзе фігурак, а ў выглядзе свечак, форма якіх паўтарае форму найбольш папулярных вотумаў (ахвярных дароў з каштоўных металаў), якія знаходзяцця каля цудатворнага абраза — сэрца, ахопленага полымем любові.
Срэбраны вотум менавіта такой формы пакінуў на развітанне з Будславам каля абраза Маці Божай папярэдні кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM.
Макет «ватыўных свечак» стварылі таленавітыя прадстаўнікі будслаўскай рамеснай сям’і Грыбовічаў. Драўляныя формы вытачыў на варштаце і ўручную адшліфаваў яшчэ адзін мясцовы парафіянін Аляксандр Пятровіч. Воск для свечак нарыхтоўвалі пчаляры з розных куткоў Беларусі, у тым ліку і з ваколіц Будслава, а формы для адліўкі зрабіў… сам будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый.
«„Ватыўныя свечкі“ адліваюцца толькі з чыстага воску без аніякіх дамешак.Найбольш светлыя зроблены з самага чыстага воску, што называецца „забрус“, якім пчолы „запячатваюць“ поўныя мёду соты. Таму свечкі атрымліваюцца духмянымі і маюць такі прыемны пах», — кажа святар і ў доказ дае панюхаць нядаўна адлітую свечку ў форме сэрца.
Як і ў даўнія часы, сэнс «ватыўных свечак» застаецца нязменным — гэта ахвяраванне на патрэбы касцёла.
Набываючы такую свечку ў форме сэрца з манаграмай Марыі, вернік ахвяруе сродкі на аднаўленне і ўтрыманне будслаўскай святыні.
Хоць запаліць іх у санктуарыі падчас фэсту не ўдасца з-за строгіх патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі, аднак з такой свечкай можна будзе прайсці ў традыцыйнай працэсіі, з якой пачынаецца св. Імша апоўначы. «Ватыўную свечку» не абавязкова спаліць у Будславе. Яе можна ўзяць з сабою як рэлігійны сувенір і запальваць у доме падчас малітвы на знак духоўнай апекі Маці Божай.
Паколькі ватыўныя свечкі з воску і сёння вырабляюцца ў Будславе па старажытнай тэхналогіі (а гэта вельмі працаёмкі працэс), іх колькасць абмежаваная. Тым не менш, будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік абяцае, што ўсе, хто пажадае набыць свечку, змогуць зрабіць гэта таксама пасля ўрачыстасцяў па пошце, скіраваўшы адпаведную замову на адрас Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.