8 сакавіка ў Пастырскім цэнтры ККББ адбылося 74-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У чарговым пасяджэнні бралі ўдзел усе члены ККББ за выключэннем дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, а таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Апостальскі Нунцый у сваім слове звярнуў увагу на найбольш актуальныя справы жыцця Касцёла ў Беларусі.
Іерархі заслухалі справаздачу старшыні ККББ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра пасяджэнне Старшыняў Канферэнцый Біскупаў Каталіцкага Касцёла ў Ватыкане 21–24 лютага на тэму пошуку метадаў супрацьстаяння насіллю над непаўнагадовымі ў Касцёле.
Біскупы заслухалі справаздачу старшыні Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў пры ККББ біскупа Юзафа Станеўскага аб 34-х Сусветных днях каталіцкай моладзі, што прайшлі ў студзені гэтага года ў Панаме і ў якіх разам з прадстаўнікамі моладзі Беларусі іерарх браў удзел.
Біскупы заслухалі справаздачу старшыні Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB аб распрацоўцы стратэгіі Тэалагічнай Акадэміі імя св. Яна Паўла II і аб выніках сустрэчы, якую іерарх правёў у адпаведнай ватыканскай кангрэгацыі з гэтай нагоды.
Біскупы абмеркавалі і прааналізавалі кананічную норму, сфармуляваную ў каноне 1251 ККП ад 1983 г. «Аб днях пакаяння», а канкрэтна аб устрыманні вернікамі ад спажывання мясных страваў у пятніцу падчас актавы Нараджэння Пана.
На падставе канона 87 § 1 члены ККББ прынялі рашэнне аб удзяленні вернікам Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі ККББ дыспенсы ад устрымання ад спажывання мясных страваў для асобаў, старэйшых за 14 гадоў, у пятніцу падчас актавы Нараджэння Пана і ў пятніцу падчас галоўных урачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай, Браслаўскай, Лагішынскай і Тракельскай.
Вернікі, якія будуць карыстацца дыспенсай, павінны памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
Іерархі вырашылі, што ККББ стане адным з заснавальнікаў рэлігійнага брацтва «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
Іерархі абмеркавалі і прааналізавалі новую рэдакцыю Статуту каардынацыйнай групы кансэкраваных асобаў Беларусі і ўнеслі ў яе свае папраўкі.
Біскупы абмеркавалі і прынялі праграму правядзення Будслаўскага фэсту 2019 г., які адбудзецца 5–6 ліпеня пад дэвізам «Каралева сем’яў, маліся за нас».
Іерархі прынялі да ведама інфармацыю адносна праграмы правядзення Музычнай майстэрні і Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Майстэрня пройдзе з 22 па 26 ліпеня; малітоўная сустрэча — з 26 па 28 ліпеня.
Іерархі заслухалі справаздачу аб працы партала Сatholic.by, якую прадставіў кс. дырэктар Аляксандр Улас, выслухалі яго прапановы аб удасканаленні яе на будучыню і прынялі адпаведныя рашэнні.
Іерархі заслухалі справаздачу з боку адказных супер’ёраў за фармацыю семінарыстаў першага курса Міждыяцэзыяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і прынялі пастановы аб удасканаленні яго функцыянавання на будучыню.
Біскупы заслухалі прапановы з боку кс. каноніка Яна Кучынскага, каардынатара Міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў пры ККББ, і вызначыліся з дэлегацыяй ад каталіцкіх вернікаў з Беларусі на Эўхарыстычны кангрэс, які пройдзе ў Венгрыі ў 2020 годзе.
Іерархі абмеркавалі ўдзел вернікаў з Беларусі ва ўрачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, якая адбудзецца 16 лістапада ў 15.00 у касцёле св. Тэрэзы.
Біскупы абмеркавалі Ліст Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Гулякі Л. П. адносна рэлігійнага турызму.
Наступнае пасяджэнне ККББ запланавана на 28 кастрычніка 2019 г. у Мінску.