Пошук

10.07.2019 10:01   Тэкст: Уладзіслаў Валаховіч / Фота: prolife.belarus / Catholic.by

Сёлетні Будслаўскі фэст праходзіў 5–6 ліпеня пад дэвізам «Каралева сем’яў, маліся за нас», сугучным тэме душпастырскага года ў Касцёле на Беларусі, які па рашэнні ККББ прысвечаны сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі.

На жаль, з-за аварыі апаратуры ў Будславе не ўдалося правесці запланаванай прэзентацыі беларускіх сямейных рухаў, але гамілія Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча шмат у чым перагукалася з тым, што мелі намер паведаміць каталіцкія абаронцы жыцця і сям’і.

Словы іерарха на ўрачыстай святой Імшы 6 ліпеня сталі сведчаннем вялікага клопату, які каталіцкія біскупы праяўляюць дзеля абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў перад абліччам пагрозаў сучасных антысямейных тэндэнцый. Асаблівую ўвагу старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнуў на гендарную ідэалогію, якая мае на мэце знішчыць традыцыйную сям’ю.

Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў дзве згубныя ідэалогіі — камунізм і «гендарызм»: «У сярэдзіне XIX стагоддзя Карл Маркс казаў, што „прывід камунізму блукае па Еўропе“. Камуністычная ідэалогія паказала сваю безжыццёвасць.

У наш час з’явілася ідэалогія „гендарызму“, якая ўжо не як прывід, а як рэальнасць пагражае свету».

Па словах арцыбіскупа, які, у сваю чаргу, працытаваў папу Францішка, гендарная ідэалогія і звязаная з ёй прапаганда гомасексуалізму з’яўляюцца новай формай ідэалагічнай каланізацыі, праз якую вірус лібералізму хоча знішчыць заснаваны Богам інстытут сям’і. «А гэта — грэх супраць Бога Стварыцеля!» — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У адказ на заклік каталіцкіх іерархаў беларускія абаронцы жыцця, у тым ліку валанцёры дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», сёлета ў Будславе распачалі агульнанацыянальны збор подпісаў у абарону традыцыйнай сям’і. У гэтай справе ім дапамагалі каталіцкія скаўты, якімі апякуюцца святары з законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў. Подпісы збіраліся ў тым ліку за адмену ганебнага 27-а артыкула ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя», дзе апісваюцца ўмовы для правядзення абортаў.

Сямнаццаць валанцёраў за два дні Будслаўскага фэсту змаглі сабраць больш за 1700 подпісаў пад зваротамі да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Гаворка ідзе аб абароне цывілізацыі жыцця і любові, пра што казаў святы папа Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы Evangelium Vitæ — «Евангелле жыцця».

Па тым, наколькі актыўна людзі падпісвалі звароты, удзельнікі ініцыятыўнай групы пераканаліся, што беларусы ўсур’ёз жадаюць абараніць традыцыйную сям’ю, заснаваную на непарыўным саюзе мужчыны і жанчыны і адкрытую на нараджэнне дзяцей. Цяпер збор подпісаў працягнецца ў іншых парафіях.

Як толькі іх збярэцца некалькі дзясяткаў тысяч, падпісаныя звароты будуць скіраваныя прэзідэнту з надзеяй на тое, што нарэшце ў Беларусі будзе прыняты закон у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

У сувязі з гэтым ініцыятыўная група ў абарону жыцця і сям’і звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб дапамозе ў якасці валанцёраў у гэтай жыццёва важнай справе. Дапамагчы ў зборы подпісаў могуць свецкія вернікі, святары і законныя сёстры.

Ахвотных просім звяртацца на электронную пошту: prolife.belarus@gmail.com

або па тэлефоне: +375 29 306 22 22 — Уладзіслаў Валаховіч

Абноўлена 10.07.2019 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа