Пошук


Познім вечарам 5 ліпеня пляц перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай заззяў тысячамі свечак. Пасля традыцыйнай працэсіі з копіяй цудадзейнай іконы апоўначы распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр.

На пачатку Эўхарыстыі да яе ўдзельнікаў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён перадусім прывітаў пілігрымаў і нагадаў тэму сёлетняга Будслаўскага фэсту, які праходзіць пад дэвізам «Каралева сем’яў, маліся за нас».

Разам з тым кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату паведаміў, што незадоўга да пачатку працэсіі са свечкамі ў Будславе здарылася надзвычайная сітуацыя, у выніку якой перагарэла большая частка гукаўзмацняльнай апаратуры і іншых электронных прыладаў.

І хоць з-за гэтага перарвалася анлайн-трансляцыя, і хоць у самім Будславе было горш чуваць словы ад алтара, і хоць хор «Залатая Горка» пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы спяваў падчас Імшы без музычнага суправаджэння аргана, аднак злой моцы не ўдалося перашкодзіць людзям аддаць пашану Божай Маці.

Цэлебрацыя адбылася і была не менш урачыстай, чым у іншыя гады. Падчас працэсіі адразу за абразом, які неслі канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, ішлі з запаленымі свечкамі прадстаўнікі дзяржаўнай улады: намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч і старшыня Мядзельскага райвыканкама Анатоль Вайнілка, а пры алтары вакол Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра сабраліся ўсе каталіцкія біскупы Беларусі і каля сотні святароў з розных дыяцэзій нашай краіны.

Вітаючы ўсіх удзельнікаў вялікай рэлігійнай урачыстасці, прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне сказаў:

«Маці Будслаўская Марыя сабрала нас, сваіх дзяцей, каб падтрымаць на дарозе да Неба, каб лячыць раны, вучыць праўдзе, суцешыць і ўзмоцніць. Мы прыходзім да Яе, таму што нас прыцягвае Яе пяшчотная любоў.

Тут мы адчуваем сябе дома. Нашыя сэрцы, нашае жыццё, уся гісторыя гэтай зямлі сведчаць пра вялікую любоў Божай Маці да кожнага з нас, да беларускага народа».

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр напачатку ўзгадаў леташні фэст у Будславе:

«Мне ўспамінаецца мінулы год, калі ў спёку, дождж і холад тысячы вернікаў з усёй Беларусі крочылі сюды, да Маці, з малітвамі і спевамі, з усмешкамі на стомленых тварах. А дайшоўшы, перш за ўсё, мокрыя і аслаблыя, спяшаліся ў святыню, каб, ідучы на каленях праз увесь касцёл, наблізіцца да Марыі, аддаць сваё сэрца Богу і адкрыцца для Яго ласкі.

Для мяне і для многіх гэта вялікае сведчанне веры і любові».

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, у якім ідзе гаворка пра вяселле ў Кане Галілейскай, падчас якога Марыя раіць людзям зрабіць тое, што ім скажа Яе Сын Езус, Апостальскі нунцый засяродзіўся на тэме сям’і, якой асаблівым чынам прысвечаны сёлетні фэст у Нацыянальным санктуарыі.

«Сям’я, як кожная супольнасць, пачынаецца з сустрэчы: з сустрэчы з іншым, непадобным да мяне, са сваёй гісторыяй і характарам, сваімі талентамі і хібамі.

<…> Ставячыся адзін да аднаго з пашанай, мы пакорна прызнаем, што не валодаем абсалютнай праўдай, што частка праўды ёсць і ў іншых, што мы дапаўняем адзін аднаго і такім чынам узаемна ўзбагачаемся», — дадаў прадстаўнік Святога Айца.

Ён падкрэсліў, што Езус хоча, каб Ягоныя вучні вучыліся будаваць падобныя адносіны і ў шырэйшых супольнасцях: як у сям’і, так і ў парафіі, у працоўных калектывах, сярод сяброў, у школах і ўніверсітэтах, на адпачынку і ў камандзіроўках, у чарзе ў краме і ў паліклініцы: паўсюль, дзе побач будзе брат ці сястра, дзе будзе бліжні.

«Дарагія сябры, безумоўна, будаваць адносіны братэрства — гэта нялёгкая справа. Яна патрабуе пакоры і гатоўнасці прабачаць.

Але толькі так магчыма будаваць масты, якія нас збліжаюць, а не сцены, якія нас падзяляюць. Такі вопыт мы найперш здабываем у сям’і», — сцвердзіў арцыбіскуп Пінтэр.

На заканчэнне ён заклікаў беларускіх вернікаў разам маліцца аб тым, каб Маці Божая вяла свой верны народ да Сына, каб мы слухалі Яго словы і жылі імі ў нашай штодзённасці, каб нашая жывая, выпрабаваная вера стала тым скарбам, які мы зможам перадаць будучым пакаленням.

Напрыканцы літургіі арцыбіскуп Кандрусевіч прывітаў прысутных на ўрачыстасцях у Будславе прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы айца протаіерэя Аляксандра Шымбалёва, пасла Аўстрыі ў Беларусі пані Алаізію Вёргетэр, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Старшыня ККББ таксама павіншаваў Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў айца архімандрыта Сяргея Гаека МІС, які сёлета адзначае 70-гадовы юбілей.

 

Абноўлена 07.07.2019 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця