Пошук


6 ліпеня ўрачыстай святой Імшой з удзелам вялікай колькасці духавенства, пілігрымаў, вернікаў і гасцей з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы ў Нацыянальным санктуарыі завяршыўся фэст Маці Божай Будслаўскай, унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Галоўную літургічную цэлебрацыю ў другі дзень урачыстасцяў узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які сёлета адзначае 30-годдзе біскупскага служэння.

На пачатку святой Імшы дастойнага юбіляра прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які заклікаў усіх удзельнікаў Эўхарыстыі ахінуць сваёй малітвай арцыбіскупа. Той, у сваю чаргу, падзякаваў усім тым, хто маліўся за яго падчас аперацыі і працягвае малітоўна падтрымліваць падчас рэабілітацыі, якая яшчэ працягваецца.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў урачыстасці на першачарговым душпастырскім заданні Касцёла ў Беларусі, якім павінна стаць абарона сям’і перад абліччам крызісу гэтага Богам устаноўленага саюзу мужчыны і жанчыны, адкрытага для прыняцця і выхавання патомства.

«Палова сем’яў у Беларусі разведзена, што негатыўна ўплывае на грамадскі клімат нашай краіны і выхаванне маладога пакалення, якое застаецца без належнай і поўнай бацькоўскай апекі.

Здараецца, што сям’я замест таго, каб быць крыніцай радасці і надзеі для сужонкаў і дзяцей, становіцца „пеклам“»,

— адзначыў кіраўнік беларускага епіскапату.

Спасылаючыся на агульнадаступныя статыстычныя дадзеныя, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з горыччу канстатаваў, што з года на год у нашай краіне пагаршаецца дэмаграфічная сітуацыя. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на пагрозлівую тэндэнцыю росту колькасці абортаў і поўную неэфектыўнасць «прапаганды амаральнай ідэі штучнага апладнення», у выніку якога, нават не беручы пад увагу вельмі сумніўны маральны аспект гэтай працэдуры, не народзіцца і дзясятай часткі ад той колькасці дзяцей, якіх штогод забіваюць ва ўлонні маці.

Старшыня ККББ звярнуў увагу на яшчэ адну негатыўную з’яву, што ў апошні час пачынае набіраць абароты ў беларускім грамадстве, якому пэўныя сілы імкнуцца навязваць гендарную ідэалогію, разбураючы такім чынам галоўныя агульначалавечыя каштоўнасці. Гэтая шкодная ідэалогія спекулюе на пытанні роўнай годнасці мужчыны і жанчыны, з якой насамрэч нічога агульнага не мае.

«Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынай (пар. Быц 1, 27), і гэтым усё сказана. Можна змяніць знешні воблік чалавека, але не яго створаную Богам фізіялогію», — на падставе аўтарытэту Святога Пісання сцвердзіў іерарх.

Задаючыся пытаннем пра прычыны амаральных тэндэнцый, якія разбуральна дзейнічаюць на сямейныя каштоўнасці, арцыбіскуп сярод іх назваў тое, што беларускае грамадства яшчэ не вызвалілася ад згубных уплываў савецкай атэістычнай ідэалогіі.

«Скрыты вірус» недалёкага савецкага мінулага актывізуецца «вірусам» лібералізму і маральнага рэлятывізму, што вядзе да заняпаду традыцыйных для нашага грамадства хрысціянскіх каштоўнасцяў.

«Чалавецтва без сям’і не мае будучыні і надзеі. Менавіта да гэтага імкнуцца сучасныя безадказныя палітыкі, падрываючы галоўныя фундаментальныя асновы чалавецтва. Гэтымі асновамі з’яўляюцца Божы закон, сям’я, павага да чалавечага жыцця, права бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей і свабода веравызнання, — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Бараніць сям’ю і маральны парадак грамадства — гэта абавязак усіх людзей, рэлігійных арганізацый і дзяржавы».

Пры гэтым, па словах іерарха, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на выхаванне маладога пакалення на духоўных каштоўнасцях.

«Нягледзячы на праблемы беларускай сям’і, варта адзначыць, што ў нашай краіне ёсць шмат прыкладаў сем’яў, якія будуюць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. <…>

Сужонкі ў такіх сем’ях ведаюць, чаму і каму прысвяцілі сваё жыццё: каб служыць і быць вернымі адно аднаму, перадаваць Божы дар жыцця і бараніць яго, выхоўваць патомства на хрысціянскіх традыцыях. Гонар і хвала ім!» — усклікнуў арцыпастыр.

Беручы пад увагу ўсю сур’ёзнасць сітуацыі, у якой знаходзіцца сучасная беларуская сям’я, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату заклікаў вернікаў сваім штодзённым жыццём пацвярджаць веру ў Евангелле і вучэнне Касцёла.

«Праз Марыю даверым сябе, наш народ і яго падмурак — беларускую сям’ю — не „чамусьці“, а „камусьці“, гэта азначае Езусу, а Ён адбудуе Богам заснаваны парадак», — заключыў арцыбіскуп Кандрусевіч і завяршыў сваю гамілію кароткай малітвай:

«Сёння звяртаемся да Цябе, Апякунка Беларусі і Каралева сем’яў, Божая Маці Будслаўская. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста новы цуд адраджэння беларускай сям’і як крыніцы радасці і надзеі для нашай Бацькаўшчыны, і асабліва для моладзі».

На сувязь пакаленняў, якая з’яўляецца гарантам захавання гістарычнай памяці народа, яго нацыянальнай самасвядомасці і каштоўнасцяў, звярнуў увагу ў кароткай прамове на заканчэнне ўрачыстасці прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр.

«З радасцю і ўдзячнасцю Богу я знаходжуся сёння тут разам з вамі, любыя браты і сёстры, у гэтым дарагім марыйным санктуарыі ў Будславе, багатым гісторыяй і верай, куды мы як сыны і дочкі прыходзім сустрэцца з нашай Маці і з нашымі братамі.

Санктуарыі — святыя месцы Касцёла як палявога шпіталя — захоўваюць памяць вернага народа, які і ў нягодах не стамляецца шукаць крыніцаў жывой вады, у якіх можна аднавіць надзею. Гэта месцы святаў і ўрачыстасцяў, слёзаў і маленняў, калі мы прыходзім да ног Маці без шматлікіх словаў, а толькі дазваляючы Ёй глядзець на нас, каб Яна сваім позіркам прывяла нас да Таго, хто ёсць „Дарогай, Праўдай і Жыццём“ (Ян 14, 6)», — сказаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На апошняй і найбольш шматлюднай цэлебрацыі ў Будславе зноў прысутнічалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, дыпламаты, вялікая колькасць духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў.

Калі распачыналася святая Імша пад шэрым небам, з якога імжэў халодны дождж, дык Эўхарыстычная працэсія, якая адбылася пасля Камуніі, праходзіла ўжо пры амаль ясным небе, з якога свяціла сонейка. У працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам з пашанаю неслі копію цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама фігуру нябеснага заступніка Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла, перэгрынацыя якой адбываецца цяпер па парафіях нашай краіны.

Няхай жа магутнае заступніцтва Апякункі Беларусі і Князя нябесных войскаў прагоняць з нашай зямлі ўсялякае зло, рассеяўшы яго, як хмары, каб з-за іх заззяла для нашага народа сонца сапраўднай надзеі, якую дае нам Езус Хрыстус.

 

Абноўлена 07.07.2019 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.