18 кастрычніка дзеці з дыяцэзій Касцёла ў Беларусі ўжо ў пяты раз далучацца да сусветнай малітоўнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».
Сёлетняя малітва злучыць дзяцей, прысутных ў розных марыйных санктуарыях нашай краіны, з іх аднагодкамі ў розных краінах свету.
Дзеці з Беларусі ўжо ўдзельнічалі ў акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» ў 2020, 2021, 2022 і 2023 гадах. Летась да акцыі далучылася рэкордная колькасць удзельнікаў: іх колькасць упершыню перавысіла мільён.
Сёлета ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі месцам правядзення набажэнства стане санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Барысаўскі дэканат).
Акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» распачнецца а 18-й гадзіне. Арганізатары з дабрачыннай мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай запрашаюць далучыцца да супольнай малітвы дзяцей з усіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
- Каб узяць удзел у сустрэчы ў Жодзіне, трэба запоўніць рэгістрацыйную форму ТУТ>>>
Рэгістрацыя ўдзельнікаў працягваецца да 11 кастрычніка.
Арганізатары малітоўнай сустрэчы ў Беларусі рэалізуюць ініцыятыву дзякуючы ахвяраванням неабыякавых людзей. Каб дапамагчы ў падрыхтоўцы акцыі, можна скласці дабравольнае ахвяраванне. Рэквізіты для ахвяраванняў пададзены на сайце дабрачыннай місіі Samaranin.by>>>
Пра ініцыятыву
Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет. У ружанцовая малітве дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце.
Чаму 18 кастрычніка?
Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка адзначаецца свята святога Лукі, Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай да Маці Божай.