Пошук

20.10.2023 12:54   Паводле: Samaranin.by / Фота: з архіву Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра; Grodnensis.by / Catholic.by

18 кастрычніка адбылася малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы», якая злучыла тэлемостам пяць гарадоў з усіх дыяцэзій Беларусі. Сёлета ў супольнай малітве бралі ўдзел дзеці ў Браславе, Гомелі, Гродне, Магілёве і Мінску.

Як нагадваюць на старонцы Дабрачыннай мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай Samaranin.by, «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» — сусветная ініцыятыва.

Яе галоўная мэта заключаецца ў тым, каб паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет.

У ружанцовай малітве дзеці разам просяць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце.

Ужо чацвёрты год мiсiя Добрага Самаранiна арганізавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску малітоўнае чуванне з удзелам дзяцей. Сёлета набажэнства зноў аб’яднала дзяцей Беларусі ў супольнай малітве аб міры і еднасці ва ўсім свеце. У капліцы цэнтра сабралася шмат дзетак з розных парафій Мінска, а таксама з з Будслава.

Перад малітвай прысутныя святары ў Браславе, Гомелі, Гродне, Магілёве і Мінску благаславілі ружанцы, якія дзеці прынеслі з сабой.

У капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ружанцы благаславіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў малітоўнай акцыі ад імя Папы Францішка звярнуўся сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока. «На знак таго, што Папа Францішак ведае пра вас і моліцца разам з вамі, перадаю вам ад яго ружанец, які пасля набажэнства рушыць у малітоўную вандроўку па парафіях Беларусі», — сказаў святар.

Сардэчна прывітаў дзетак таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які далучыўся да малітвы ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. «Ружанец — гэта вельмі простая і вельмі магутная малітва. Малітва Марыйная, але адначасова, можа і ў большай ступені, малітва Езуса, бо Марыя вядзе нас у гэтай малітве да свайго Сына Езуса Хрыста, Збаўцы нас і ўсяго свету.

Марыя ў сваіх аб’яўленнях заўсёды была з ружанцам, заклікала маліцца на ружанцы, асабліва маліцца аб міры. Пры стале звычайна збіраюцца сябры, і мы сёння сядаем да стала святога Ружанца, каб ён нас аб’яднаў, і мы жылі ў супакоі і ў міры, якога патрабуе кожны з нас, а таксама нашыя сем’ і, нашае грамадства і ўвесь свет.

Пане Езу, паглядзі на дзяцей ва ўсім свеце, розных моваў і культур, розных нацыянальнасцяў і колераў скуры, якія з’яўляюцца католікамі, веруючымі, якія моляцца малітвай святога Ружанца. Няхай дзякуючы гэтай малітве ласка супакою сыдзе на ўвесь свет», — сказаў заслужаны іерарх.

На пачатку кожнай Хвалебнай таямніцы дзеці прыгадвалі яе сэнс і разважалі над ім.

Першую таямніцу — Змёртвыхпаўстанне Хрыста — праводзілі ўдзельнікі ў Мінску, другую — Унебаўшэсце Хрыста — дзеці з Магілёва, пра спасланне Духа Святога разважалі маленькія вернікі ў Браславе, пра ўнебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — з Гомеля, а пятую таямніцу — укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі — правялі ўдзельнікі малітоўнай акцыі ў Гродне, да якіх далучыўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На заканчэнне ружанцовай малітвы да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які маліўся разам з дзецьмі ў родным Браславе.

«Гэтая малітва, якая плыла з мільёнаў шчырых сэрцаў дзяцей, будзе той моцай, якая з’яднае і прынясе для сучаснага свету і нашай краіны, для кожнага чалавека такі патрэбны сёння супакой», — выказаў упэўненасць Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату.

Супольная малітва праз тэлемост даступная ў запісе.

Абноўлена 20.10.2023 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа