Пошук

19.10.2022 14:09   Паводле: Samaranin.by / Фота: Samaranin.by / Відэа: Samaranin.by / Catholic.by
Фота: Samaranin.by

18 кастрычніка, у свята святога Лукі, евангеліста, дзеці і іх бацькі ў касцёлах усіх дыяцэзій Беларусі аб’ядналіся і прынялі ўдзел у малітоўнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».

Як паведамляецца на сайце Місіі Добрага Самараніна Samaranin.by, дзеткі супольна маліліся Ружанец аб супакоі ва ўсім свеце. Яны былі ў захапленні з дапамогаю ўсталяванага тэлемосту ўбачыць сваіх аднагодкаў з розных куткоў Беларусі, прывітацца з імі і разам прыняць удзел у малітве.

Напачатку усіх удзельнікаў прывітала арганізатар акцыі ў Беларусі сястра Часлава Навіцкая USJK: «Дарагія дзеткі, сёння мы з вамі ў чарговы ўжо раз далучаемся да сусветнай малітвы „Мільён дзяцей моліцца на ружанцы“ аб міры ва ўсім свеце.

Сёння, як ніколі, мы адчуваем патрэбу ў гэтай малітве. Мы вельмі радыя, і шчыра вітаем пастыраў Касцёла ў нашай краіне», — падкрэсліла сястра, якая нясе ахвярнае служэнне ў створаным яе намаганнямі Хрысціянскім сацыяльным цэнтры.

Мадэрацыя сустрэчы адбывалася з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску, дзе да дзяцей і іх бацькоў далучыліся іерархі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У супольнай малітве бралі ўдзел дзеці, іх бацькі і душпастыры з Бярозы, Глыбокага, Гродна, Магілёва і Мінска.

Арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў акцыі, сабраных у розных гарадах усіх дыяцэзій на Беларусі да супольнай малітвы «аб міры, аб дабрабыце, аб радасці, каб вы ўзрасталі ў ласцы ў Бога і ў людзей».

Дзеці з розных мясцін па чарзе маліліся Балесныя таямніцы святога Ружанца. Распачалі малітву маленькія вернікі, сабраныя ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску. Яны прамаўлялі і спявалі самыя вядомыя хрысціянскія малітвы разам з дзіцяча-моладзевым музычным гуртом «Міхаэлькі». Эстафету ад іх прынялі іх аднагодкі з Віцебскай дыяцэзіі, разам з якімі ў Глыбокім маліўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Трэцюю таямніцу правялі дзеці, сабраныя ў Магілёве разам з адказным за Магілёўскі рэгіён Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Наступную таямніцу, прысвечаную Крыжоваму шляху Хрыста на Галготу, вялі маленькія вернікі з Бярозы, што ў Пінскай дыяцэзіі, на чале са сваім душпастырам ксяндзом Станіславам Вашкевічам SAC. У разважанні над заключнай, пятай балеснай таямніцай удзельнікі акцыі далучыліся да дзетак з Гродна, якія маліліся разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.

На заканчэнне ўсім удзельнікаў малітоўнага тэлемосту, а перадусім яго арганізатарам падзякаваў за супольную малітву біскуп Касабуцкі, а пасля яго з заключным словам да ўсіх звярнуўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

«У чарговы раз мы звярталіся да Божай Маці, каб Яна вяла нас да Бога. У чарговы раз мы прасілі ў Яе дапамогі як у Каралевы супакою, каб супакой панаваў і ў нашай краіне: у нашых сем’ях, у нашых касцёлах, у нашых парафіях, і таксама ва ўсім свеце», — адзначыў заслужаны іерарх.

Завяршылася малітоўная акцыя благаслаўленнем, якое ўдзялілі яе ўдзельнікам прысутныя біскупы.

  

 

Абноўлена 19.10.2022 20:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця