Увечары 18 кастрычніка прайшла міжнародная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец», да якой з дапамогай прамой трансляцыі і тэлемосту на партале Catholic.by сёлета далучыліся тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Беларусі.
Тэлемост быў усталяваны паміж «Хрысціянскім сацыяльным цэнтрам» у Мінску, адкуль на нацыянальным узроўні каардынавалася малітоўная ініцыятыва, а таксама сабранымі на малітву дзецьмі ў Віцебску, Гродне, Баранавічах і Магілёве.
Як паведмляюць арганізатары, да малітвы далучыліся дзеці ў дзясятках населеных пунктаў нашай краіны, сярод якіх таксама Бабруйск, Браслаў, Ліда, Нарач, Пінск, Смаргонь і іншыя.
У «Хрысціянскім сацыяльным цэнтры» ў малітве з дзецьмі ўзялі ўдзел арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі, у Віцебску да малых далучыўся Старшня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч, а ў Магілёве — Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
«Мільён дзяцей моліцца Ружанец» — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
«Не толькі ўсё яшчэ актуальны крызіс аховы здароўя зрабіў наш свет падобным да па-чалавечы невырашальнага клубка праблем. Голад, беднасць, карупцыя, войны і тэрор, вульгарызацыя чалавечага існавання і знішчэнне стварэння закранаюць жыцці незлічонай колькасці людзей. За гэтым усім крыецца паўсюдная сіла зла, якое імкнецца знішчыць боскі сусветны парадак і законы Бога.
Таму нам як ніколі патрэбная даверлівая малітва чыстых, нявінных сэрцаў, дзяцей Марыі, адкрытых на Божую дапамогу і збаўленне для ўсяго свету», — адзначаюць кіраўнікі Фонда.
Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет.