Пошук


16 красавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з журналістамі на традыцыйнай прэс-канферэнцыі напярэдадні Велікодных урачыстасцяў. Іерарх пазнаёміў прадстаўнікоў СМІ са святочнай праграмай, а таксама распавёў пра асноўныя падзеі актуальнага жыцця Касцёла на Беларусі.

Падчас прэс-канферэнцыі Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт не сядзеў за сталом, як звычайна, а стаяў, паколькі нядаўна перанёс складаную аперацыю на хрыбетніку, пасля якой неабходны доўгі працэс рэабілітацыі.

На пачатку сустрэчы з журналістамі іерарх распавёў пра свой намер працягваць служэнне Касцёлу, нягледзячы на складанасці са здароўем, а таксама падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў і маліўся за яго.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату перадусім засяродзіў сваю ўвагу на пазіцыі Касцёла адносна праекту закона аб хатнім насіллі і прапановы зрабіць бясплатнай першую працэдуру ЭКА, пра што мы ўжо не раз пісалі на нашым партале.

У прыватнасці, арцыбіскуп Кандрусевіч скептычна выказаўся пра эфектыўнасць гэтай прапановы дзеля вырашэння дэмаграфічнага крызісу ў краіне:

«Кажуць, што дзякуючы гэтаму могуць нарадзіцца ад паўтары да дзвюх тысяч дзяцей. Але што гэта значыць у параўнанні з дваццаццю пяццю тысячамі абортаў?» — з горыччу зазначыў іерарх.

Ён дадаў, што як ідэалогія гендар, так і ЭКА з пункту гледжання вучэння Касцёла з’яўляюцца маральна недапушчальнымі, паколькі ставяць пад пытанне каштоўнасць чалавечага жыцця і імкнуцца ім маніпуляваць.

Далей арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на нядаўні знос Крыжоў у Курапатах, што скалынуў шырокую грамадскасць і выклікаў боль і непаразуменне ў беларускіх хрысціянаў розных канфесій. Каментуючы гэтае святатацтва, іерарх, у прыватнасці, адзначыў:

«Вялікі пост. У цэнтры ўвагі мы ў Касцёле, і ў Праваслаўнай Царкве, ва ўсіх хрысціянаў мы ставім Крыж. Мы пакланяемся Крыжу <…> І ў гэты самы час зносяцца Крыжы… З дазволам, без дазволу пастаўленыя — гэта ўжо другасная справа. Я за тое, каб усё было паводле закона, аднак калі іх ставілі, асабліва ніхто не пярэчыў.

Крыж — гэта сімвал хрысціянства, <…> гэта — святыя рэчы для людзей. <…> Таму я не мог маўчаць, бо гэта — знявага Крыжа».

Пры гэтым Старшыня ККББ адзначыў, што некаторыя лічаць агучванне Касцёлам сваёй пазіцыі па тых ці іншых пытаннях «палітычнай дзейнасцю». Адказваючы на падобныя абвінавачванні, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч працытаваў урывак з Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла, якім кіруецца таксама Касцёл у Беларусі ва ўзаемадзеянні з палітычнай супольнасцю дзяржавы. Паводле яго, Касцёл мае права на маральную ацэнку рэчаіснасці, у якой існуе, асабліва тады, калі гэтага патрабуе збаўленне душаў.

«Аборты, разводы, гендар, штучнае апладненне, знявага Крыжоў: гэта што такое?.. Гэта супярэчыць хрысціянскім нормам!

Наконт гэтага я проста павінен быў як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў выказаць нашае меркаванне. Гэта зусім не палітыка, як некаторыя хочуць гэта прадставіць», — падкрэсліў іерарх, прывёўшы ў прыклад адпаведныя нормы, якімі кіруецца ў падобных пытаннях Праваслаўная Царква.

У адказ на правакацыйны і зняважлівыя каментары, пакінутыя некаторымі карыстальнікамі ў адрас арцыбіскупа Кандрусевіча з нагоды яго зваротаў адносна знішчэння Крыжоў у Курапатах, іерарх з годнасцю адказаў:

«Я нарадзіўся ў Беларусі. Я — грамадзянін Беларусі. Я не выбіраю сваёй Бацькаўшчыны, але служу сваёй Бацькаўшчыне, якой з’яўляецца Беларусь».

Усім нядобразычліўцам арцыбіскуп Кандрусевіч параіў не траціць марна сваёй энергіі на зласлівыя допісы.

Затым іерарх перайшоў да таго, што вернікі Каталіцкага Касцёла будуць перажываць ужо на гэтым тыдні, адзначаючы цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — смерць і Уваскрасенне Хрыста. Арцыбіскуп Кандрусевіч, між іншым, паведаміў, што трансляцыя галоўнай літургічнай цэлебрацыі года — Пасхальнай Вігіліі — будзе весціся з Брэста ў сувязі з тым, што сёлета горад адзначае сваё тысячагоддзе.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі таксама паведаміў, што сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе, якія пройдуць у першыя выходныя ліпеня, пакліканы звярнуць увагу беларускай моладзі на сям’ю і сямейныя каштоўнасці. Акрамя таго, іерарх распавёў пра іншыя мерапрыемствы, запланаваныя на гэты год у Касцёле ў Беларусі, пра якія вы даведаецеся, сочачы за інфармацыяй на партале Catholic.by.

 

Абноўлена 16.04.2019 16:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця