Пошук

13.04.2019 16:04   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Не мінула і дзесяці дзён пасля таго, як ва ўрочышчы Курапаты, якое з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь, было знесена 70 крыжоў, як сёння зноў працэс зносу галоўнага знаку хрысціянства працягваецца.

Голас Касцёла і Праваслаўнай Царквы, іншых хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама шматлікіх прадстаўнікоў грамадства становіцца голасам таго, хто кліча ў пустыні.

Знос крыжоў — гэта вялікая рана на сэрцы веруючага чалавека.

І гэта робіцца падчас Вялікага посту, калі хрысціяне разважаюць пра збаўчую муку Езуса Хрыста, прынятую Ім на дрэве Крыжа.

Гэтае святатацтва адбываецца напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую заўтра адзначаюць вернікі Каталіцкага Касцёла.

У гэты дзень Евангелле ўзгадвае ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем, калі людзі Яго віталі воклічамі «Гасанна Сыну Давіда. Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана», а чытанне Мукі Хрыста распавядае пра цярпенні, укрыжаванне і смерць Езуса на Крыжы.

Мы радуемся атрыманай свабодзе веравызнання, аднак яна пазначана крыжом і духоўнымі цярпеннямі, аб чым нагадвае гісторыя Курапатаў, дзе сёння зносяцца крыжы, усталяваныя на месцы пахавання шматлікіх нявінна забітых.

Ніхто не ставіць пад пытанне таго, што тэрыторыя Курапатаў павінна быць добраўпарадкавана. Але пры гэтым неабходна ўлічваць меркаванне грамадства і асабліва вернікаў, каб не дапусціць знявагі Крыжа.

Яшчэ раз звяртаюся да адказных за знос крыжоў з заклікам: спыніце «крыжалом», каб шляхам дыялогу з грамадствам і рэлігійнымі арганізацыямі вырашыць набалелую праблему і будаваць у нашай Бацькаўшчыне цывілізацыю міру і згоды.

У гісторыі чалавецтва многія марна хацелі стаць багамі, але толькі Бог стаў чалавекам, каб на Крыжы даць збаўленне ўсім людзям.

Божа, абарані Крыж ад знявагі, бо ў ім — збаўленне!

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 13 красавіка 2019 г.

Абноўлена 01.05.2019 07:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця