2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі памаліліся за палеглых у двух памятных месцах Мінска — Курапатах і Трасцянцы.
Прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне суправаджаў саветнік Апостальскай нунцыятуры ў Мінску монсіньёр Джон Джон Каларакал.
Урочышча Курапаты — лясны масіў на паўночнай ускраіне Мінска, дзе ў 1937–1941 гадах савецкія каты з НКУС масава расстрэльвалі бязвінных людзей.
З 1993 года ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.
Малы Трасцянец — найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР, створаны гітлераўцамі і іх памагатымі ў наваколлях Мінска.
У Трасцянцы знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя з СССР, а таксама грамадзяне Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі.
Канцэнтрацыйны лагер быў створаны ўвосень 1941 года. Назва «Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў; лагер — побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска; урочышча Шашкаўка — месца масавага спалення людзей.
Традыцыю наведвання гэтых месцаў памяці і болю на беларускай зямлі падчас актавы малітваў за памерлых заклаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.